Адзначыць дзень Святога Валянціна запрашае парафія ў Смалявічах

14 лютага Каталіцкі Касцёл адзначае Дзень святых Кірылы і Мяфодзія, асветнікаў славян і заступнікаў Еўропы. Аднак тая ж дата больш вядомая ў свеце як Дзень святога Валянціна або Дзень усіх закаханых. Сапраўды, на 14 лютага ў Касцёле таксама прыходзіцца ўспамін каталіцкага святога Валянціна, біскупа і мучаніка.

Пра гэтага святога захавалася вельмі мала звестак. Ён быў біскупам у італьянскім горадзе Церні, дзе каля 268 года прыняў пакутніцкую смерць, абставіны якой не вядомыя. Паводле легенды, тагачасны імператар лічыў, што самотны мужчына — без сям’і, жонкі і абавязкаў — лепш змагаецца на поле бітвы, і забараніў мужчынам жаніцца. Святы Валянцін употай асвячаў шлюбы, за што яго кінулі ў турму і адсеклі галаву.

Святую Імшу будзе служыць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, канцэрт дадуць удзельнікі гурта «Стары Ольса».

У Беларусі ёсць толькі адна парафія святога Валянціна — у Смалявічах Мінскай вобласці. І 15 лютага ў суботу — каб болей людзей змаглі прыняць удзел — тут адзначаецца парафіяльная свята:

— Нашым галоўным цэлебрансам і прапаведнікам будзе арцыбіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч, распавёў пробашч брат Сяргей Мацюшонак OFMCap і паведаміў парадак фэсту:

9.00 – выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту і адарацыя да гадзіны 10.45. У гэтым часе магчымасць споведзі;
10.45 – прывітанне кс. Арцыбіскупа;
11.00 – урачыстая адпустовая Св. Імша;

Касцёл Святога Валянціна ў Смалявічах

Пасля Св. Імшы – выстаўленне Найсвяцейшага Сакраманту, літанія да Св. Валянціна, гімн “Цябе Бога праслаўляем” і благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Уцалаванне Рэліквіяў Св. Валянціна.

Пасля малітваў у касцёле у ніжняй зале адбудзецца працяг святкавання, невялікая культурная праграма і супольны пачастунак. Сёлета парафію наведае спадар Алесь Чумакоў, гусляр і мультыінструменталіст, саліст гурта «Стары Ольса», а таксама Таццяна Ячная, салістка гэтага гурта. Дзеці і моладзь пакажуць кароткую сцэнку.

 — Запрашаем усіх нашых парафіянаў і гасцей да актыўнага ўдзелу ў нашым парафіяльным свяце! Сёлета зноў будзем рыхтаваць польскі бігос, — дадалі ў парафіі.

katolik.life

для друку для друку