14 снежня на дзяленне аплаткай сабралася літургічная служба алтара, дзіцячы і моладзевы хор «Calasanz» разам са сваімі бацькамі. Варта адзначыць, што ў гэтым годзе была рэкордная колькасць удзельнікаў сустрэчы, больш за 140 чалавек.
Сустрэча распачалася ў касцёле супольнай малітвай — Вяночкам Дванаццаці Зорак — складзенай калісьці самім заснавальнікам ордэна піяраў.
Наступнай, і бадай жа, галоўнай часткай праграмы, пад спеў традыцыйных калядак, стала супольнае дзяленне аплаткай і святочныя пажаданні адзін аднаму.
Не абышлося і без невялічкіх конкурсаў і падарункаў. Усе малодшыя ўдзельнікі вігілійнай сустрэчы атрымалі смачныя падарункі ад святога Мікалая, які нечакана апынуўся на гэтым мерапрыемстве.
У сваю чаргу, 15 снежня на аплаткавай сустрэчы сабралася душпастырства настаўнікаў і выхавацеляў парафіі разам з адказным за фармацыю групы пробашчам а. Андрэем Агелем SP.
Пасля малітвы і цёплых пажаданняў а. Андрэя, удзельнікі сустрэчы падсумавалі бягучы год і пагаварылі аб будучых планах супольных сустрэч.
А. Віталій Слука SP, тэкст;
Андрэй Арціш і Людміла Казлова, фота
