Асвяціць можна не толькі аўто, але ровары і нават самакаты.
25 ліпеня Каталіцкі Касцёл узгадвае святога Хрыстафора, які лічыцца апекуном кіроўцаў, маракоў, падарожнікаў і пілігрымаў, таму ў гэты дзень у каталіцкіх парафіях усяго свету, таксама і ў Беларусі, адбываецца асвячэнне машын і дабраславенне вадзіцеляў. Паколькі 25 ліпеня выпадае на будні дзень, у многіх касцёлах асвецяць аўтамабілі і дабраславяць кіроўцаў у нядзелю, 28 ліпеня.
Дарэчы, св. Крыштаф лічыцца таксама заступнікам ад неспадзяванай смерці, апекуном атлетаў, шахцёраў, шукальнікаў скарбаў, садоўнікаў, прадаўцоў гародніны, дзяцей; сродкаў камунікацыі; да яго звяртаюцца пры эпідэміях чумы і іншых заразных хвароб, пры пагрозе стыхіі агню і вады, засухі, буры і граду, пры хваробах вачэй, пры зубным болю, пры раненнях.
Касцёл нагадвае, што не варта ставіцца да асвячэння аўтамабіля як да нейкага магічнага рытуалу. Асвячэнне аўто – не гарант таго, что машына ніколі не трапіць у аварыю. Асвячоны – значыць, прысвечаны Богу. Асвячаючы машыну, як, зрэшты, і любую іншую рэч, Касцёл моліцца аб тым, каб яна стала для яе ўладальніка сродкам, які прыносіць не толькі матэрыяльную, але і духоўную карысць.
Асвячэнне аўтамабіля накладае і пэўныя абавязкі. Напрыклад, кіроўца павінен імкнуцца не парушаць правілы дарожнага руху. Калі кіроўца вядзе сябе на дарозе некарэктна ў адносінах да іншых удзельнікаў дарожнага руху, рызыкуе бяспекай людзей – ён учыняе грэх. І грэх можа быць яшчэ цяжэйшым, калі ўсе гэтыя парушэнні будуць рабіцца ў асвячоным аўтамабілі.
Дэкалог кіроўцы
Кіроўца, ты знаходзішся на дарозе не адзін. Усюды ёсць Пан Бог твой – заўсёды памятай пра гэта.
- Не забівай.
- Няхай дарога будзе для цябе тым, што аб’ядноўвае людзей, а не смяротнаю небяспекаю.
- Няхай ветлівасць, карэктнасць і асцярожнасць дапамогуць табе выйсці з непрадбачаных сітуацый.
- Аказвай міласэрнасць і ў выпадку патрэбы дапамагай бліжняму, асабліва калі ён з’яўляецца ахвярай дарожна-транспартнага здарэння.
- Няхай аўтамабіль не будзе для цябе праяваю ўлады, панавання і нагодай для граху.cdzns Ri
- З любоўю пераконвай маладых і не толькі маладых кіроўцаў не сядаць за руль, калі яны не ў стане кіраваць аўтамабілем.
- Аказвай падтрымку сем’ям ахвяраў дарожна-транспартных здарэнняў.
- Дапамажы ахвяры і вінаватаму ў аварыі сустрэцца ў адпаведны момант, каб яны маглі перажыць вызваленчы досвед прабачэння.
- На дарозе аберагай слабейшага.
- Адчувай сваю адказнасць за іншых.
Малітва кіроўцы
Божа, дай мне ўпэўненую руку і зоркае вока, каб я нікому не прычыніў шкоды ў дарозе. Даўца жыцця, не дазволь, каб я стаў прычынаю смерці альбо прычынаю калецтва тых, каму Ты даў жыццё. Захавай, Пане, ад няшчасных выпадкаў тых, хто падарожнічае са мною. Навучы мяне карыстацца аўтамабілем для дабра маіх бліжніх і стрымай спакусу празмернай хуткасці. Учыні, каб хараство свету, створанага Табою, і радасць Тваёй ласкі заўсёды мне спадарожнічалі. Амэн.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!