Нехта задумаўся над сваімі ўчынкамі, хтосьці маліўся за свае сем’і.
У рамках мерапрыемстваў па кантролі за паводзінамі непаўналетніх у перыяд вясновых канікул супрацоўнікі інспекцыі па справах непаўналетніх Заводскага РУУС Мінска арганізавалі экскурсію ў каталіцкі храм у Будславе. Гэта адзін з самых вядомых касцёлаў Беларусі, дзе знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Будслаўскай, і дзе штогод праходзіць Будслаўскі фэст.
У экскурсіі прынялі ўдзел бацькі і непаўналетнія з кожнага раёна сталіцы ў суправаджэнні кіраўнікоў падраздзяленняў інспекцый па справах непаўналетніх, паведамляецца на старонцы інспекцыі ГУУС Мінгарвыканкама ў сацсетцы.
Экскурсія пачыналася ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску, дзе пробашч Уладзіслаў Завальнюк блаславіў у дарогу бацькоў, падлеткаў, а таксама супрацоўнікаў міліцыі. Па прыездзе ў Будслаў экскурсію ветліва сустрэў ксёндз Дзмітрый, які правёў пазнавальную экскурсію па касцёлу.
– Дух велічы касцёла прысутнічаў у кожным кроку. Ніхто не застаўся абыякавым: нехта задумаўся над сваімі ўчынкамі, хтосьці маліўся за здароўе сваёй сям’і, кожны думаў пра сваё, – распавяла начальнік ІСН Заводскага раёна Мінска капітан міліцыі Ларыса Палачанская.
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!