Біскуп Алег Буткевіч быў запрошаны ў Віцебскую абласную клінічную бальніцу 5 лютага ў Міжнародны дзень хворых. Ён сустрэўся з медработнікамі і распавеў аб духоўным аспекце паклікання медыка і ахвярнасці гэтай службы на карысць хворых.
У сваёй прамове біскуп звярнуў увагу на запавет любові: любові да Бога, любові да бліжняга, асабліва да хворага і церпячага чалавека.
У мультымедыйным варыянце, прапанаваным медыкам шпіталю, прыводзіліся словы зварота Папы Францішка да Міжнароднага дня хворых.
«Час, праведены з пацыентам – святы час, — падкрэслівае Папа, — гэта хвала Богу, Які чыніць нас падобнымі да Свайго Сына, прыйшоўшага не для того, каб Яму служылі, але каб служыць».
Да ўдзелу ў сустрэчы з медыкамі далучыўся святар Беларускай Праваслаўнай Царквы Міхаіл. У сваёй прамове ён гаварыў пра ахвярнае служэнне хворым, аб чысціні думак і дзеянняў дзеля хворых, аб пакаянні і навяртанні для ўрачоў і пацыентаў.
У сустрэчы прыняў ўдзел намеснік галоўнага ўрача абласной клінічнай бальніцы Юрый Зямко, які ад імя адміністрацыі і ўсяго калектыву падзякаваў духавенству за навуку і духоўную падтрымку медыкаў.
Людміла Ярмолава, тэкст
Барбара Сіпайла, фота
