29 мая – успамін святой Уршулі Ледухоўскай

ursulaАдна з кніг, прысвечаных святой Уршулі і сёстрам-уршулянкам, называецца “Амазонкі Бога”. Гэта назва добра адлюстроўвае жыццёвы настрой і дзейнасць будучай святой, а таксама ордэна, які яна заснавала.

Народжаная ў арыстакратычнай сям’і Ледухоўскіх у другой палове XIX стагоддзя, Уршуля з маленства насычалася культурнымі, патрыятычнымі і велікасвецкімі традыцыямі, але перадусім ‒ духам служэння Богу і чалавеку. Сям’я Ледухоўскіх незвычайная. Старэйшая сястра Уршулі ‒ Марыя Тэрэза, апостал Афрыкі, беатыфікаваная ў 1975 г. Малодшы брат Уладзімір шмат гадоў кіраваў ордэнам езуітаў. Яшчэ адзін брат, Ігнацый, – чалавек вялікай веры, быў генералам польскай арміі.

Атрыманае выхаванне паслужыла штуршком для стварэння ўласнай унікальнай педагогікі. Яна грунтуецца на думцы, што трэба з маленства стварыць умовы, каб дзіця прыйшло да Бога. Святая Уршуля прысвяціла жыццё выхаванню дзяцей і моладзі. Лічыла выхаванне адным з найважнейшых евангелізацыйных заданняў. Менавіта таму нязломна, як сапраўдная амазонка, служыла іншым: у Пецярбурзе, Скандынавіі, Польшчы, адкрываючы дзіцячыя садкі, школы, інтэрнаты для дзяцей і моладзі.

Сучаснікі ўспамінаюць, што Уршуля праяўляла неверагодную добрыню да людзей і была чалавекам усмешкі. Вельмі часта на абразах яе малююць з кветкамі сланечніка. Сланечнік – сімвал дабрыні, усмешкі, духоўнага супакою ‒ аздабляе таксама капліцу і саркафаг, у якім пахавана святая.

Святая Уршуля ‒ апякунка дзяцей і моладзі, настаўнікаў і выхавальнікаў, а таксама бацькоў, якім неабыякавыя справы выхавання ўласных дзяцей.

Сёння святая Уршуля вядомая ва ўсім свеце як вялікая заступніца ў малітве. У гэтым пераканаўся і 14-гадовы Даніэль. Аднойчы ён дапамагаў мясцовым сёстрам-уршулянкам ‒ электракасілкай касіў газоны ў парку. Як пазней высветлілася, у прылады былі пашкоджаны правады. Гэтая акалічнасць у сукупнасці з вільготным надвор’ем прывяла да бяды: калі Даніэль адключаў электрапрыладу, яго ўдарыла токам. Ён не мог самастойна адняць руку ад крыніцы электрычнасці, пачаў траціць прытомнасць і меў яснае разуменне, што памірае. Нібы ў тумане ён бачыў, як да яго падыходзіць сястра-уршулянка, але яе твару разглядзець не мог. Яна адарвала хлопца ад электрычнасці і знікла. Ні адной нават аддалена падобнай сястры ў кляштары не было. Сам Даніэль, яго сям’я і сёстры ўбычылі ў гэтым здарэнні надзвычайнае дзеянне ласкі Божай і заступніцтва святой Уршулі.

Падрыхтаваў а. Андрэй Сідаровіч МІС

для друку для друку