81 год экуменічнай супольнасці ў Тэзэ

Папа Ян XXIII з братам Ражэ

81 год адзначае экуменічная супольнасць Тэзэ. Падчас Другой сусветнай вайны 25-гадовы швейцарац Ражэ Шутц спыніўся ў вёсцы ў Бургундыі, купіў закінуты дом і пачаў хаваць яўрэяў і бежанцаў.

У яго ўзнікла жаданне стварыць экуменічную супольнасць, якая будзе жыць Евангеллем і стане знакам прымірэння паміж хрысціянамі. З часам далучыліся два студэнты з Ліёна, а потым і іншыя маладыя людзі. На Вялікдзень 1949 года ў касцёле Тэзэ, перададзеным супольнасці з дазволу нунцыя Анджэла Джузэпэ Ранкалі (будучага папы Яна ХХІІІ), сем чалавек паабяцала жыць у цэлібаце.

Тэзэ і сёння прымае бежанцаў, але перш за ўсё вёска вядомая сустрэчамі тысяч маладых людзей, якія прыязджаюць сюды ў пошуках Бога. «Нягледзячы на тое, што свет моцна змяніўся пасля абяцанняў першых братоў, інтуіцыя брата Ражэ застаецца ў сіле: увесці Бога ў расколіны свету», — сказаў у інтэрв’ю Vatican News брат Алоіс, які цяпер узначальвае супольнасць.

кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку