Свет з усімі яго шматлікімі праблемамі пачынае выглядаць лепш пасля сну. Чым лепш мы спім па начах, тым больш зразумелым здаецца раніца.
Магчымасць добра заснуць і спакойна прачнуцца — гэта шчасце. Але калі мы не можам заснуць, мы часта пачынаем турбавацца пра заўтрашні дзень.
Вось некалькі парадаў ад святых, якія дапамогуць вам перамагчы бяссонніцу.
Ешце хлеб і ваду перад сном, як святы Філіп Нэры
Гэты радасны святы быў вядомы сваёй гасціннасцю і пачуццём гумару, таму людзі любілі праводзіць час у яго кампаніі. Ён спажываў толькі хлеб і ваду, што часта здзіўляла яго гасцей. Як мог хтосьці настолькі дасціпны і шчаслівы прытрымлівацца такой сумнай дыеты?!
Але штодзённы хлеб святога Філіпа Нэры можа стаць менавіта тым, што дапаможа вам заснуць. Даследаванні паказалі, што перад сном вельмі важна пазбягаць алкаголю і кафеіну. Хоць гэта можа здацца, што келіх віна ці кубак гарачага напою дапамогуць вам лепш заснуць, гэта пагоршыць якасць вашага сну. Паспрабуйце замест гэтага з’есці кавалак звычайнага хлеба і выпіць шклянку вады.
Маліцеся на ружанцы, як святыя Францішак і Жасінта
Францішак і Жасінта Марту былі двума дзецьмі з Фацімы, якія мелі гонар стаць сведкам аб’яўлення Багародзіцы. Яна загадала ім штодня маліцца на ружанцы.
Калі вам надакучыла «лічыць авечак», папрасіце дапамогі ў Марыі, памаліўшыся ружанец. Перад тым, як пачаць, можна папрасіць анёла-ахоўніка завяршыць малітву за вас, калі вы раптам засняце.
Адпраўляйцеся на вячэрнія прагулкі, як блаславёны Стэнлі Ротэр
Айцец Стэнлі, святар-мучанік з Аклахомы, заўсёды хадзіў пешкі. Ён вырас на ферме, падчас вучобы ў семінарыі быў садоўнікам і земляробам, а потым паехаў служыць у Гватэмалу, дзе і быў забіты за веру.
Калі вы штодзённа займаецеся мала фізічнай працай, вам можа быць складаней заснуць. Так што прагуляйцеся і папрасіце ў бласлаўлёнага айца Стэнлі дадатковай вынослівасці, калі вам гэта трэба.
Стварыце ўтульную спальню па прыкладзе святога Бэнэдыкта
Святы Бэнэдыкт, айцец заходняга манаства, меў пэўныя правілы ў дачыненні да рэжыму сну сваіх братоў. Пераканайцеся, што ваша спальня прызначана для сну, а не для забаў. Калі гэта азначае, што вы будзеце праводзіць менш часу ў пакоі ўвечары, або гэта азначае перастаноўку некаторых рэчаў, хай будзе так.
Пачніце весці малітоўныя дзённік як Слуга Божая Лізавета Лезёр
Добры спосаб прааналізаваць свой дзень і прыгожа завяршыць вечар — весці дзённік. Лізавета Лезёр, французская містычка, жонка вядомага лідара антыклерыкальнага руху, вяла дзённік, у якім дзялілася сваімі малітвамі аб навяртанні мужа — і Гасподзь пачуў яе малітвы.
Зрабіце перад сном учынак міласэрнасці, як Слуга Божая Дарота Дэй
Дарота Дэй імкнулася жыць кожны дзень, засяродзіўшы ўвагу на клопаце пра іншых. Каталіцкі Касцёл вучыць 14 учынкам міласэрнасці: 7 для цела і 7 для душы. Яны дапамогуць вам кожны дзень далучацца да служэння бліжнім.
Адпусціце трывогі перад сном, як святы айцец Піа з П’етральчыны
Часта цытаваныя словы «Маліся, спавядайся і не турбуйся» прыпісваюцца айцу Піа, італьянскаму святару і містыку. Трывога можа перашкодзіць вам заснуць, таму перад сном прачытайце некалькі старонак з яго кнігі і адкіньце свае клопаты, перш чым галава дакранецца да падушкі.
Па матэрыялах credo.pro
Пераклад Марыны Сінкевіч
