5 снежня ў Беларусі адзначаецца Дзень удзячнасці тым, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе

5 снежня, у ІІ Нядзелю Адвэнту, у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі будзе адзначацца Дзень удзячнасці тым, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе.

У Польшчы гэты дзень, які праходзіць па ініцыятыве каталіцкага епіскапату, мае назву Дзень малітваў і матэрыяльнай дапамогі Касцёлу на Усходзе і будзе адзначацца ў 22-і раз. Традыцыйна ён арганізуецца Супольнасцю дапамогі Касцёлу на Усходзе пры сакратарыяце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Польшчы.

Мэта гэтага дня – наданне асаблівай увагі Каталіцкаму Касцёлу, які адраджаецца ў краінах Усходняй Еўропы, Расіі і Цэнтральнай Азіі, а таксама падтрымка ўсялякіх ініцыятываў, што прадпрымаюцца на карысць евангелізацыі Усходу. У яго межах адбываецца збор ахвяраванняў на будаўніцтва і аднаўленне святыняў, катэхетычных памяшканняў, падтрымку евангелізацыйных, душпастырскіх, фармацыйных і дабрачынных ініцыятываў. Сёлета гэты дзень пройдзе пад знакам салідарнасці з католікамі ў Беларусі.

Усе вернікі заахвочваюцца да малітвы ў інтэнцыі дабрадзеяў Касцёла, з дапамогай якіх у нашай краіне ўзводзяцца і аднаўляюцца святыні і ажыццяўляюцца розныя душпастырскія праекты.

Напярэдадні ІІ Нядзелі Адвэнту на агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 1 снежня, Святы Айцец Францішак выказаў падзяку Касцёлу ў Польшчы за духоўную і матэрыяльную падтрымку каталіцкіх супольнасцяў ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

“Дзякую ўсім, хто больш за дваццаць гадоў па ініцыятыве епіскапату Польшчы патрымлівае Касцёл у краінах Усходняй Еўропы і Азіі малітвай і ахвяраваннямі. Няхай Пан узнагародзіць сваёй ласкай ваш шчодры клопат пра братоў-хрысціян у патрэбе. Ад усяго сэрца вас благаслаўляю!”– сказаў Папа.

Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі

grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі