30 мая ў 20.00 — сусветны Ружанец за мір. Заклік біскупа Алега Буткевіча

Дарагія браты і сёстры!

30 мая ў 20.00 (у 19.00 па італьянскім часе) Святы Айцец Леў XIV, каля Гроты Маці Божай з Люрд у Ватыканскіх садах, узначаліць малітву на Ружанцы ў інтэнцыі міра ва ўсім свеце. Папа звярнуўся да католікаў усяго свету з просьбай з’яднацца з ім праз ружанцовую малітву ў гэтай інтэнцыі.

На просьбу Святога Айца ўжо адгукнуліся шматлікія санктуарыі ў свеце: Нацыянальны Санктуарый Беззаганнага Зачацця Найвяцейшай Дзевы Марыі у Вашынгтоне, Санктуарый Маці Божай у Зарваніцы, Нацыянальны Санктуарый Маці Божай Супакою і Добрай Спадарожніцы ў Анціпала, Санктуарый Маці Божай Каралевы Супакою ў Меджугор’і, Санктуарый Маці Божай у Люрд, Санктуарый святога Шарбэля ў Аннаі, Папскі Санктуарый Святы Дом ў Ларэта.

Таму прашу кожнага верніка Віцебскай дыяцэзіі далучыцца да малітвы Святога Айца і 30 мая ў 20.00 узяць у рукі Ружанец каб памаліцца ў інтэнцыі міра ва ўсім свеце.

З адмысловай просьбай звяртаюся да Айцоў Сальватарыянаў, якія апякуюцца Малой Базілікай – Санктуарыем Маці Божай Браслаўскай, а таксама да ўсіх святароў нашай дыяцэзіі аб арганізацыі ў гэты дзень ружанцовай малітвы.

Святы Максімільян Марыя Кольбэ OFMConv казаў, што праз Ружанец “у збалелыя сэрцы цячэ бальзам палёгкі, у ахопленых роспаччу душах зноў з’яўляецца прамень надзеі”.

На гэтую Божую справу ад ўсяго сэрца благаслаўляю.

✠ Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі

Віцебск, 28 мая 2026 г.

для друку для друку