30-цігоддзе капліцы Маці Божай Шкаплернай у Ёдах адзначылі разам з біскупам Алегам Буткевічам

Вёска Ёды знаходзіцца ў Мёрскім дэканаце, па дарозе з Шаркаўшчыны на Браслаў.

13 ліпеня невялічкая святыня сустракала шматлікіх гасцей: пастыра Віцебскай дыяцэзіі біскупа Алега Буткевіча, дэкана і пробашча Мёрскага кс. Андрэя Куліка, айцоў сэрцанаў, якія неслі служэнне і цяпер даязджаюць, а. Аляксандра Стока – кармэліта з Мядзела, а таксама жыхароў і гасцей вёскі.

На самым пачатку Літургіі кс. Віктар Сініцкі SCJ прапанаваў накіраваць свой позірк у мінулае і распавёў кароценькую гісторыю капліцы Маці Божай Шкаплернай, якая бярэ свой пачатак з 1918 года.

Належала да Барадзінічскай парафіі. Перад Другой сусветнай вайной была заснавана самастойная парафія і пабудаваны драўляны касцёл, на месцы якога цяпер знаходзіцца школа. Падчас вайны капліца была зруйнавана, а пасля камуністычныя ўлады разабралі і касцёл. Але нават такія выпрабаванні не перашкодзілі вернікам у дарозе да Хрыста. Кожнага 16 ліпеня жыхары Ёдаў збіраліся ў храмах навакольных парафій і заносілі просьбы, каб святыня была і ў іх. Бог пачуў малітвы вернікаў. У 1993 годзе кс. Бернард Мар’янскі, пробашч з Новага Пагоста, адправіў св. Імшу пасля доўгага перапынку ў будынку дзіцячага садка. З дапамогай чатырох калгасаў і саміх парафіянаў быў адрамантаваны стары дом, дзе цяпер знаходзіцца сучасная капліца. 30 красавіка 1994 года тут была цэлебравана першая св. Імша, якую ўзначаліў кс. Бернард Мар’янскі.

“Таму менавіта сёння прагнем злучыць гэтыя дзве падзеі – 30 год нашай святыні і парафіяльны адпуст у гонар Маці Божай Шкаплернай”, — дадаў кс. Віктар.

Біскуп Алег у сваю чаргу перадаў прывітанне ад Маці Божай Тракельскай з Гродзеншчыны, дзе ў гэтыя дні  адбываюцца ўрачыстасці. “Нашая краіна асаблівым чынам знаходзіцца пад апекай Найсвяцейшай Панны Марыі. Маем найбліжэйшы Санктуарый Маці Божай у Браславе. Фактычна кожны абласны цэнтр, калі не раённы, знаходзіцца пад гэтай асаблівай апекай. Нават тут у Ёдах – гэта знак Яе дапамогі”.

Казанне да прысутных прамовіў а. Аляксандр Стока OCD, які распавёў гісторыю шкаплера і як правільна яго “выкарыстоўваць”, папярэдзіў аб недапушчальнасці надаваць яму магічны сэнс.

Напрыканцы Імшы словы падзякі высокаму госцю і прысутным святарам выказала старшыня парафіяльнай рады. Кс. Генадзь Лаўніковіч SCJ, які даязджае з Шаркаўшчыны і менавіта цяпер пад яго апекай знаходзіцца Ёдская парафія, асаблівым чынам адзначыў прысутнасць на ўрачыстасці старшыні мясцовага сельсавета Івана Пачкоўскага і падзякаваў за падтрымку, усялякую дапамогу і супрацоўніцтва. Біскуп Алег таксама ацаніў прысутнасць на Эўхарыстыі прадстаўніка мясцовай улады, адзначыўшы, што і Касцёл, і свецкая ўлада робяць адну добрую справу – служаць для дабра людзей.

Перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам вернікі памаліліся Літаніяй да Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль, а затым прыйшлі Эўхарыстычнай працэсіяй вакол святыні, праславілі Усемагутнага Бога гімнам Te Deum і атрымалі ўрачыстае бласлаўленне. Гарачае надвор’е змянілася цёплым дожджыкам, таму ахвотныя прыняць шкаплер накіраваліся ў капліцу, дзе быў асвечаны адзін з сакрамэнталіяў Касцёла і знак любові Марыі.

Сёння мясцовая святыня Маці Божай Шкаплернай стала цэнтрам духоўнага жыцця ў Ёдах. У цэнтры алтарнай часткі – абраз Маці Божай Шкаплернай, той самы, з папялішча, адрэстаўраваны, дзякуючы пробашчу з Германавіч, кс. Яну Пугачову. На палявым алтары была змешчана копія абраза, намаляваная мастаком з Шаркаўшчыны.

Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота

для друку для друку