29 красавіка – успамін св. Кацярыны Сіенскай

Santa_CaterinaУ ХІV ст., калі жыла будучая святая, горад Сіена па сваіх памерах быў большым за Парыж і Лондан. Кацярына нарадзілася ў заможнай сям’і фарбавальшчыка тканіны.

Дзяўчынка-прыгажуня, па задумцы бацькоў, павінна была выйсці замуж за прадстаўніка адной з шанаваных сем’яў Сіены. Бацькоўскія планы пакрыжавала адно здарэнне, якое карэнным чынам змяніла Кацярыну і яе жыццёвы выбар. Гэта была першая містычная візія Езуса, якую атрымала Кацярына. Езус, Які сядзеў на троне ў таварыстве апосталаў Пятра, Паўла і Яна, паглядзеў на яе з такой любоўю, што сіла гэтага позірку не пакідала ўсё жыццё.

Кацярына шмат моліцца і прагне быць законніцай. Каб не выходзіць замуж, на знак пра здзейснены грэх, яна голіць сабе галаву. Абураныя бацькі караюць дзяўчыну цяжкімі фізічнымі працамі і не спыняюцца ў планах з замужжам. Толькі дзіўная хвароба скуры з высокай тэмпературай у пары змушаюць бацькоў даць абяцанне, што за аздараўленне аддадуць дачку ў манастыр.

У сясцёр Кацярына аддаеца малітвам і пастам. Мае неаднаразовыя візіі Езуса і святых. Аднак Езус просіць і загадвае, каб яна прысвяціла сябе службе людзям. Так пачынаецца этап незвычайнай актыўнасці Кацярыны. Яна з ахвярнасцю служыць хворым, бедным і тым, хто ў цярпенні. Ідзе да людзей, якія, хварэючы на праказу і рак, страцілі надзею і чалавечую годнасць. Кацярыну не спыняюць ні смурод гнайнікоў, ні вульгарнасць яе пацыентаў. Слава пра маладую сіенку і сілу яе аздараўляльнай любові хутка распаўсюдзілася па свеце. Адважную Кацярыну не спыніла нават эпідэмія чумы: людзі, якіх са страху кінулі самыя блізкія, паміраюць у яе на руках.

У свеце св. Кацярына вядомая і тым, што пераканала Папу Грыгорыя ХІ вярнуцца з Авіньёна ў Рым. І свецкія, і духоўныя ўлады не раз запрашалі Кацярыну быць пасярэдніцай у спрэчках, верачы, што яе святасць і блізкасць да Бога дапамогуць пазбегнуць вайны.

Святая Кацярына – гэта прыклад, што можа зрабіць чалавек у супрацоўніцтве з Богам. Плады гэтай супрацы не залежаць ад узросту (Кацярына памерла, маючы 33 гады), полу (маладая дзяўчына, якая стала маральным, духоўным і палітычным аўтарытэтам) і гістарычнай эпохі. Гісторыя святой Кацярыны – гэта адказ на феміністычныя заклікі сучаснага свету, прыклад жаночай рэалізацыі ў прынцыпова патрыярхальным Сярэднявеччы.

Касцёл надаў святой Кацярыне тытул Доктара Касцёла, прызнаючы яе жыццё і навучанне важным і заўсёды актуальным.

Падрыхтаваў а. Андрэй Сідаровіч MIC

для друку для друку