Пасля знікнення гістарычнага крыжа на Піка-дэ-Ането, найвышэйшай вяршыні Пірэнеяў вышынёй 3404 метры, юнак з паўднёва-заходняй Францыі выразаў новы крыж і асабіста данёс яго на вяршыню.
Металічны крыж, усталяваны на Піка-дэ-Ането, быў наўмысна зрэзаны вуглашліфавальнай машынкай, а затым кінуты ў яр. Іспанская грамадзянская гвардыя праводзіць расследаванне, каб выявіць вінаватых у гэтым акце вандалізму, які глыбока ўзрушыў многіх альпіністаў і вернікаў як на французскім, так і на іспанскім баках Пірэнеяў.
14-гадзінны паход з 35-кілаграмовым крыжам
Сутыкнуўшыся з гэтым апаганьваннем, Маэль Ле Лагадэк, 18-гадовы вучань садоўніка з Мантабана, пачаў самастойна выразаць новы крыж з дрэва чорнага грэцкага арэха. Скончыўшы працу, малады чалавек вырашыў данесці яго на вяршыню Ането. Ноччу, у суправаджэнні сябра, Маэль адправіўся ў дарогу, несучы на плячах амаль 35 кілаграмаў. Прыкладна чатырнаццаць гадзін ён ішоў наперад, нягледзячы на мароз, вышыню і стромкія схілы Пірэнеяў.
На світанні на месцы папярэдняга крыжа быў усталяваны новы. Альпіністы, святары, каталіцкія сем’і і звычайныя грамадзяне высока ацанілі акт «адкуплення», «надзеі» і «вернасці». Іншыя таксама адзначалі, што крыжы, якія вянчаюць вяршыні як у Пірэнеях, так і ў Альпах, з’яўляюцца не проста рэлігійнымі аб’ектамі, але і часткай культурнай і духоўнай гісторыі еўрапейскіх гор.
stacja7.pl
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!