
Касцёл у Параф’янаве. Праект Тадэвуша Раствароўскага, 1899-1900 гады. Са збораў Літоўскага Дзяржаўнага Архіва ў Вільні.
Не так даўно быў артыкул пра заснаванне рыма-каталіцкай парафіі ў Параф’янаве і яе дзейнасць да пачатку ХІХ стагоддзя. Цяпер варта працягнуць гэтую тэму і разгледзець гісторыю пабудовы мураванага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Для гэтага ёсць добрая нагода, бо касцёл быў асвечаны роўна 120 гадоў таму – 20 лістапада 1904 года.
У ХІХ стагоддзі колькасць вернікаў у Параф’янаўскай парафіі хутка расла. У 1781 годзе да парафіі належала 1377 чалавек, у 1842 – 3403, у 1896 – 6628. Асвечаны ў 1675 годзе драўляны касцёл, які быў у чатыры разы меншы за цяперашні, не мог змясціць усіх вернікаў. Частка людзей, якія прыходзілі на набажэнствы, была вымушаная заставацца на вуліцы каля касцёла. Доўгі час, аднак, пра новую святыню можна было толькі марыць, бо пасля паразы паўстання 1863 года віленскі генерал-губернатар Міхаіл Мураўёў увёў забарону на рамонт і будаўніцтва касцёлаў без дазволу дзяржаўных уладаў. Улады ж давалі дазволы вельмі рэдка. Толькі ў 1896 годзе імператар Мікалай ІІ адмяніў гэтую забарону. Адразу многія парафіі сталі рупіцца пра будаўніцтва новых касцёлаў. Першыя старанні пабудаваць мураваны касцёл у Параф’янаве зрабіў ксёндз Казімір Сталеўскі, які быў там пробашчам у 1895-1897 гадах. Праект касцёла распрацаваў Міхаіл Прозараў, каторы працаваў архітэктарам Літоўскай праваслаўнай епархіі ў Вільні. Невядома, ці праектаваў ён да таго касцёлы. Будаўнічае аддзяленне Віленскага губернскага праўлення ўзгадніла праект Прозарава 18 лістапада 1897 года. У Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Вільні захаваліся чарцяжы таго праекта. Згодна з праектам, неагатычны касцёл меў быць зальнага тыпу з вежай на фасадзе, падобна як у Опсе і Паставах.
Але праект Прозарава не быў рэалізаваны. У канцы 1897 пробашчам у Параф’янава прызначылі маладога і энергічнага 31-гадовага ксяндза Баляслава Корня. Ён вырашыў адкінуць праект Прозарава і замовіў новы ў Тадэвуша Раствароўскага. Магчыма, на гэта паўплывалі асабістыя эстэтычныя прыхільнасці пробашча і яго ранейшае знаёмства з Раствароўскім.
Граф Тадэвуш Марыя Раствароўскі быў архітэктарам і мастаком. Нарадзіўся ў 1860 годзе, скончыў Імператарскую Акадэмію мастацтваў у Санкт-Пецярбурзе, у першыя гады сваёй кар’еры рабіў праекты даходных камяніцаў, шляхецкіх палацаў і самага прэстыжнага віленскага гатэля “George”. Пасля 1896 года з’явіўся попыт на праекты касцёлаў, і ў 1899 годзе архітэктар праектуе тры каталіцкія святыні, падобныя адна да адной сваёй структурай і стылем. Гэта былі касцёл святога Яна Хрысціцеля ў Беняконях (будаўніцтва скончанае ў 1902 годзе), касцёл святога Апостала Андрэя ў Лынтупах (асвечаны ў 1911 годзе, пра яго будаўніцтва быў артыкул Вадзіма Глінніка) і касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Параф’янаве.
Губернскія ўлады ў Вільні ўзгаднілі праект Тадэвуша Раствароўскага для Параф’янава 15 лютага 1900 года. Але фактычна касцёл пачаў будавацца амаль за год да таго. Новая святыня павінна была паўстаць на месцы старой драўлянай. Стары касцёл адсунулі ўбок, налева ад пляцу будоўлі, але ў межах касцельнай агароджы. Там стары касцёл стаяў да сярэдзіны 1920-х, тады яго разабралі.
Калі 3 мая 1899 года Параф’янава візітаваў віленскі біскуп Стэфан Аляксандр Звяровіч, падмуркі ўжо былі закладзеныя. Біскуп бежмаваў вернікаў, стоячы на падмурках, бо ў старым касцёле ўсе не маглі б змясціцца. Тады ж біскуп Звяровіч асвяціў вуглавы камень новага касцёла. Ахвяраванні на касцёл пачаў збіраць камітэт, які ўзначаліў Аляксандр Кіякоўскі, уладальнік маёнтка Кіякова. Гэта быў чалавек, адкрыты на розныя грамадскія справы. Ён заснаваў у Параф’янаве спажывецкі кааператыў і пачатковую школу, а ў Кіякове – земляробскі гурток, які займаўся пашырэннем гаспадарчага ўзроўню сялянскіх гаспадарак. Сярод ахвярадаўцаў быў таксама Вацлаў Дамейка – уладальнік маёнтка Сітцы, сваяк вядомага асветніка Ігната Дамейкі. Вацлаў Дамейка даваў грошы і на касцёл у Гервятах, каля якога і быў пахаваны. Да будаўніцтва касцёла спрычыніліся Слатвінскія, якія валодалі маёнткамі Параф’янава і Гняздзілава. Уладальнікі маёнткаў далі палову грошай на касцёл. Другую палову сабралі сяляне з са складак.
Сяляне бясплатна працавалі на будоўлі, выканаўшы ўсю некваліфікаваную працу. “Расказвалі ўзрушальныя рэчы пра гатоўнасць убогага народа да усякіх ахвяраў і ўдзелу ў працы пры касцёле, які будаваўся: хто як мог, так працаваў – з добрай волі і нястрымнага запалу прыкладаў руку да плённай працы; усе тут бралі ўдзел, дарослыя – капаючы, падлеткі – памагаючы старэйшым, жанчыны, фартухамі носячы пясок”, – пісаў у тыднёвіку “Przegląd Katolicki” (№49, 1904) ксёндз Ян Курчэўскі. Каб не купляць цэглу, ксёндз Баляслаў Корнь заклаў цагельню каля вёскі Парэчча, дзе здабывалі гліну і на месцы выпальвалі цэглу. Цэгла мела кляймо “X. B. K” – “Ксёндз Баляслаў Корнь”. Яе зрабілі больш, чым было трэба на касцёл, і лішкі пробашч прадаў на будаўніцтва чыгункі, якую ў 1902-1906 гадах пракладвалі каля Параф’янава. З гэтых грошай ён разлічыўся з майстрамі.
Цяжкая праца вычарпала сілы ксяндза Баляслава Корня, і ў 1903 годзе ён папрасіў дыяцэзіяльныя ўлады перавесці яго з Параф’янава. Будоўлю працягнуў ксёндз Антоні Віскант – літовец, доктар тэалогіі і пазнейшы старшыня Літоўскага навуковага таварыства ў Вільні. Касцёл асвяцілі 20 лістапада 1904 года. “Хоць была слота і папсаваныя дарогі, сабраліся тысячы людзей не толькі з блізкай ваколіцы, але і з суседніх парафій”, – пісаў карэспандэнт варшаўскай “Gazety Świątecznej” (№50, 1904). На загад віленскага біскупа Эдварда Ропа касцёл асвяціў і прамовіў першае казанне славуты гісторык Касцёла і пазнейшы старшыня Віленскага таварыства аматараў аавук ксёндз Ян Курчэўскі. Першую Імшу адслужыў ксёндз-дзекан Аляксандр Дулько з Дунілавіч. “На асвячэнне касцёла прыбылі васьмёра святароў, а народу вернага – цэлыя натоўпы. Ужо ў суботу вечарам грамадкамі пачалі збірацца пабожныя, святары да позняга вечара слухалі с[вятой] Споведзі. Назаўтра поўныя былі абодва касцёлы – стары і новы: а пасля асвячэння і пераносу Santissimum (Найсвяцейшага Сакраманта – заўв. аўт.) у новы [касцёл], натоўпы напоўнілі яго ўнутры і, не могучы там змясціцца, сабраліся перад галоўнымі дзвярыма”, – запісаў ксёндз Ян Курчэўскі.
Наступны пробашч, ксёндз Станіслаў Раманоўскі, які служыў у Параф’янаве ў 1906-1914 гадах, працягнуў аздабленне касцёла – збудаваў тры мураваныя алтары “ў стылі адраджэння”. Праўдападобна, што іх праект зрабіў той жа Тадэвуш Раствароўскі. Для галоўнага алтара гэты архітэктар і мастак намаляваў абраз Маці Божай, які прадстаўляе сцэну з кнігі Апакаліпсіса святога Яна: “Жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад нагамі яе, а над яе галавою вянок з дванаццаці зорак” (Ап., 12, 1). У савецкі час гэты абраз трапіў у зборы Рэспубліканскага музея атэізму і гісторыі рэлігіі ў Гродне (цяпер – Дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі) і знаходзіцца там да сённяшняга дня. У 2014 годзе да святкавання 110-годдзя асвячэння касцёла па ініцыятыве тагачаснага пробашча ксяндза Рамана Мурзіча была намаляваная копія старога абраза, выгляд якога аднавілі паводле старога фотаздымка.
Публікацыі другой паловы ХХ стагоддзя падаюць стыль параф’янаўскага касцёла як “неабарока”. У той жа час людзі, каторыя стаялі ля вытокаў святыні, акрэслівалі яе стыль як “адраджэнне” (рэнесанс). “Касцёл збудаваны ў стылі адраджэння з малым дамешкам барока”, – пісаў у 1903 годзе ксёндз Баляслаў Корнь.
Як жа склаўся лёс святара, які пабудаваў касцёл у Параф’янаве? Ксёндз Баляслаў Корнь быў забіты ў верасні 1939 года ў вёсцы Мікелеўшчына (цяпер – Мастоўскі раён Гродзенскай вобласці), дзе служыў пробашчам з 1933 года, і пахаваны там каля касцёла.
- Касцёл у Параф’янаве. Нерэалізаваны праект Міхаіла Прозарава, 1897 год. Са збораў Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Вільні.
- Касцёл у Параф’янаве. Нерэалізаваны праект Міхаіла Прозарава, 1897 год. Са збораў Літоўскага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Вільні.
- Касцёл у Параф’янаве. Праект Тадэвуша Раствароўскага, 1899-1900 гады. Са збораў Літоўскага Дзяржаўнага Архіва ў Вільні.
- Ксёндз Баляслаў Корнь (1867-1939). Фота: Э. Навіцкі, Życie Ilustrowane, №14, 1908.
- Касцёл у Параф’янаве. Праект Тадэвуша Раствароўскага, 1899-1900 гады. Са збораў Літоўскага Дзяржаўнага Архіва ў Вільні.
- Тадэвуш Раствароўскі, архітэктар і мастак. Крыніца: Wikimedia Commons.
- Ксёндз Ян Курчэўскі. Фота са збораў Нацыянальнай Бібліятэкі ў Варшаве.
- Будаўніцтва касцёла ў Параф’янаве. Фота Яна Балзукевіча, 1901 год.
- Касцёл у Параф’янаве. Злева бачны франтон старога драўлянага касцёла. Фота: Э. Навіцкі, Życie Ilustrowane, №52, 1909.
- Абраз Найсвяцейшай Панны Марыі з касцёла ў Параф’янаве. Мастак Тадэвуш Раствароўскі. Са збораў Дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі, Гродна.
Кастусь Шыталь, Вадзім Гліннік
