У Оршы праходзіць дыяцэзіяльная парафіяда

Яе адкрыццё адбылося ў касцёле Беззаганнага Сэрца Марыі ў аўторак, 8 жніўня.

На парафіяду прыбыла моладзь з Варапаева, Ваўкалаты, Пагошчы, Мёраў, Глыбокага, Дуброўна, Навалукомля, Чашнікаў. Адкрыццё парафіяды распачалося са святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які адмыслова прыехаў у Оршу на адкрыццё мерапрыемства. На богаслужэнні прысутнічалі святары, якія прыбылі ў Оршу разам з моладдзю, а таксама гурт Laudans, які сваімі спевамі і музыкай упрыгожыў святую Імшу.  

Напачатку Імшы ў касцёл урачыста ўнеслі сцяг парафіяды. Гэта зрабілі навучэнцы патрыятычнага класа адной з аршанскіх школ, якія адмыслова да гэтай урачыстасці апранулі вайсковую форму.

У сваім слове да моладзі біскуп нагадаў, што быць хрысціянінам, значыць быць сведкам Езуса Хрыста. А быць сведкам – гэта абвяшчаць Божае слова. Гэта павінны рабіць не толькі духоўныя асобы, але і свецкія вернікі, кожны па-свойму, з гледзішча свайго паклікання і таленту, які атрымаў ад Бога.

Іерарх спытаў у моладзі: “Што трымае гэты касцёл, іншыя высокія будынкі?” Пачуўшы ў адказ, што гэта падмурак, біскуп паразважаў над тым, што такім падмуркам у нашым жыцці павінна быць наша вера. Мы не бачым падмуркаў будынка, тым не менш, на іх затрачваецца шмат працы і сродкаў, без іх будынак не зможа трывала стаяць на зямлі. Так і мы не можам трывала пачувацца ў гэтым жыцці, калі не будзем мець падмурка веры.

Падчас Імшы адбылася працэсія з дарамі, дзе іерарху паднеслі выяву мяча, спартыўную медаль, як сімвал таго, каб моладзь старалася апярэдзіць адзін аднаго ў дабрыні, каб наша цела было святыняй Духа Святога, гостыю, як сімвал вечнага жыцця з Хрыстом, віно і ваду, што азначаюць Кроў Хрыста і пачатак жыцця.

Напрыканцы Імшы да моладзі звярнуўся айцец Гжэгаж Ксёнжэк, які з’яўляецца ганаровым прадстаўніком Таварыства парафіяды з Варшавы, і ў Оршу прыбыў як назіральнік парафіяды. Ён пажадаў моладзі перамогі ў вачах Божых. Айцец прывёў цікавы выпадак з парафіяды ў Польшчы, калі дзяўчына бегла, да фінішу заставалася некалькі дзясяткаў метраў, і яна нечакана ўпала. Дзяўчына, што бегла другой, спынілася і стала ёй дапамагаць. У выніку ні першая, ні другая не занялі прызавых месцаў, але арганізатары спаборніцтваў найбольш адзначылі якраз іх.

Божых поспехаў як у парафіядзе, так і жыцці пажадаў моладзі і віцебскі ардынарый.

Пасля Імшы перад храмам адбыўся канцэрт гурта Laudans.

Сама парафіяда будзе доўжыцца тры дні. Яна складаецца з трох частак: святыня, тэатр і спорт. На працягу гэтых дзён удзельнікаў чакаюць конкурсы рэлігійнай песні, спартовыя спаборніцтвы, тэатральныя прадстаўленні і шмат чаго іншага.

Арганізатарам парафіяды ў Віцебскай дыяцэзіі з’яўляецца ксёндз Валерый Орсік. Па яго словах, некалькі год таму ён патрапіў на парафіяду ў Польшчы і вырашыў, чаму б не правесці такое мерапрыемства і ў нас, у Віцебскай дыяцэзіі. Сёлетняя парафіяда праводзіцца ў трэці раз, яна прысвечана стагоддзю фацімскіх аб’яўленняў Маці Божай.

Зміцер Лупач, тэкст і фота

для друку для друку