У Камаях асвяцілі адноўлены жывапіс і адзначылі стагоддзе святарскай дзейнасці кс. Стаповіча (+відэа)

kamai16Мерапрыемства адбылося ў нядзелю, 18 кастрычніка. Касцёл быў цалкам запоўнены вернікамі Камайскай парафіі. Прысутнічала і шмат гасцей з іншых мясцін Беларусі.

Святочную Імшу ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч. Перад пачаткам набажэнства пробашч касцёла ў Камаях Яцэк Хутман адзначыў, што біскупы з’яўляюцца апосталамі сённяшняга дня, таму наведванне парафіі біскупам Алегам трэба разглядаць як вельмі адметную і важную падзею для парафіі.

kamai49

Падчас святой Імшы віцебскі ардынарый удзяліў сакрамант канфірмацыі, або бежмавання, некалькі дзясяткам вернікаў. У сваім слове да вернікаў біскуп адзначыў, што ў сённяшні час як ніколі важна жывое сведчанне веры. Не толькі біскупы, ксяндзы і дыяканы павінны сведчыць пра Бога і сваім служэннем паказваць прыклад, але гэта мусіць рабіць і кожны вернік.

kamai60

Мы ўсе праз сакрамант хросту прымаем святарскую ўладу Езуса Хрыста, адзначыў іерарх і падкрэсліў, што задача кожнага з вернікаў разгледзець у сабе гэты дар і выкарыстаць яго для распаўсюджвання Божага слова.

Напрыканцы Імшы быў асвечаны адноўлены жывапіс, які адрэстаўравалі цягам апошняга года.

kamai87

Ужо пасля набажэнства ў плябаніі адбылося мерапрыемства, прысвечанае стагоддзю дзейнасці святара Канстанціна Стаповіча, больш вядомага пад творчым псеўданімам Казімір Сваяк. Ён пражыў кароткае, але вельмі насычанае жыццё. Сваю святарскую дзейнасць распачаў у Камаях у жніўні 1915 года. Ён пісаў вершы, публіцыстыку, драматычныя творы. Казімір Сваяк хацеў, каб у беларускіх касцёлах гучала родная мова, праз гэта шмат чаго выцерпеў ад тагачасных уладаў.

Падрыхтавала імпрэзу сваячка Канстанціна Стаповіча Іаланта Валуевіч з Астравеччыны. Тут таксама выступілі краязнаўца Іван Драўніцкі, які шмат ведае пра гісторыю касцёла ў Камаях, мастак Алесь Цыркуноў, каторы многа робіць для захавання творчай спадчыны Альфрэда Ромера, парафіянка Яніна Сінкевіч, якая прачытала верш Казіміра Сваяка. Гурт “Балцкі субстрат” парадаваў прысутных сваімі спевамі.

Дзякуючы працы ксяндза Яцэка Хутмана, які з’яўляецца не толькі выдатным святаром, але і арганізатарам, знаўцам гісторыі, архітэктуры, літаратуры, мастацтва, святыня з кожным годам прыгажэе як унутры, так і звонку.

Трэба адзначыць, што касцёл Яна Хрысціцеля ў Камаях – адзін з самых старых у Беларусі: ён пабудаваны ў 1603-1606 гадах. Касцёл дзейнічаў нават у гады ваяўнічага атэізму. З храмам у Камаях звязаны лёс шмат якіх знакамітых людзей, сярод каторых мастак Альфрэд Ромер, музыкант Браніслаў Руткоўскі і, безумоўна, паэт Казімір Сваяк (ксёндз Канстанцін Стаповіч).

Зміцер Лупач, тэкст
Зміцер Лупач, Леанід Юрык, фота

для друку для друку