У грэка-каталіцкай Царкве новы святар-беларус

M5JYh7LxBh8У нядзелю, 14 чэрвеня 2015 года ў Кастамлотах (Польшча) у дзень завяршэння пілігрымкі ў гонар святых Падляскіх мучанікаў святарскія пасвячэнні атрымаў дыякан Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Аляксей Філіпенка з парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Мінску.

Святарскае пасвячэнне ўдзяліў дапаможны біскуп Перамышлянска-Варшаўскай мітраполіі Яўген Паповіч. На ўрачыстасці прысутнічаў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Айцец Аляксей Філіпенка паходзіць з грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Мінску. Нарадзіўся 1 лiстапада 1978 году ў сям’і вайскоўца ў Прыморскім краі. Скончыў Міжнародны экалагічны ўніверсітэт імя А. Сахарава ў 2000 годзе па спецыяльнасці радыёэколаг-эксперт. Затым навучаўся ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, пасля заканчэння якой у 2004 годзе атрымаў спецыяльнасць практычны псіхолаг ва ўстановах адукацыі. Тэалагічную адукацыю атрымліваў спачатку ў Польшчы, у Драгічынскай рыма-каталіцкай духоўнай семінарыі (з 2005 году), а затым, з 2008 году — ва Ўкраіне, у Івана-Франкоўскай тэалагічнай акадэміі, якую скончыў у 2011 годзе. Магістр тэалогіі. Жыве ў Мінску, мае жонку Вікторыю, з якой пабраўся шлюбам у 2012 годзе, і сына Цімафея. Дыяканскія пасвячэнні атрымаў 9 сакавіка 2013 года ў Івана-Франкоўску (Украіна).

для друку для друку