Святар-кветкавод упершыню арганізаваў свята кветак у Росіцы (+відэа)

rosica_kvetki59“І кветкі хваляць Пана” – пад такой назвай адбылося 10 кастрычніка свята кветак у касцёле Святой Тройцы ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна. Яго ўпершыню арганізаваў тутэйшы айцец-кветкавод Чэслаў Курэчка МІС.

 Святар разам са сваімі парафіянамі ў ваколіцах касцёла пасадзіў  больш за 200 відаў розных кветак і саджанцаў, пра якія распавёў прысутным.

Як кажа а.Чэслаў Курэчка, ён вельмі любіць сваіх парафіянаў і кветкі, якія ім дорыць пры нагодзе. Кожны год да свята жанчын ён вырошчвае цюльпаны, крокусы, геацынты і радуе імі сваіх жанчын-прыхажанак. Некаторыя пажылыя бабулі нават расчуляцца і пусцяць слязу, калі ксёндз віншуе іх кветкамі. Як кажуць яны, гэта вельмі прыемна, што святар пра іх памятае і моліцца за іх, бо яны сядзяць у хаце, амаль нікуды не выходзяць і ў іх гады ім ужо мала хто дорыць кветкі.

Па словах прыхаджан, як бы цяжка не было, яны дапамагаюць ксяндзу садзіць і даглядаць кветкі, бо разумеюць, што каму, як не ім ствараць вакол сябе прыгожае. І яшчэ яны моляць Бога пра тое, каб даў ксяндзу Чэславу здароўя, натхнення і каб яго ніколі ад іх не перавялі ў іншую парафію.

На мерапрыемстве прысутнічаў і біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, які ўзначаліў святую Імшу. Ён выказаў падзяку айцу Чэславу і мясцовым вернікам за тую прыгажосць, якую яны стварылі ў Росіцы. Як сказаў Яго Эксцэленцыя: «Кожны чалавек заўважае прыгажосць, а найвышэйшай прыгажосцю з’яўляецца сам Бог. І  тое, што ён здзяйсняе ў гэтым свеце, – гэта прыгожа. Людзі могуць доўга глядзець як на кветкі, так і на ваду, і на зоркі і г.д. І чалавек – гэта таксама прыгажосць, як знешняя, так і ўнутраная».

rosica_kvetki24

Дапамагаюць працаваць на клумбах і прадстаўнікі мясцовай улады, якія таксама завіталі на свята, каб сказаць словы ўдзячнасці ксяндзу Чэславу і пачаставаць біскупа спечаным сваімі рукамі караваем і падараваць яму росіцкія кветкі.

rosica_kvetki18

На свята ў Росіцу прыехалі і пілігрымы з Полацка, Глыбокага, Барысава, якія таксама тут частыя госці і памагатыя ў працы па вырошчванні кветак. Нягледзячы на далёкую адлегласць, іх цягне сюды адчуванне супакою, захапленне прыгажосцю і прагненне дапамагаць.

Напрыканцы мерапрыемства мясцовая жыхарка Алена Мінчанка правяла віктарыну на веданне кветак з уручэннем прызоў. Скончылася імпрэза агульным пачастункам ля вогнішча, дзе галоўнай стравай была грыбная поліўка.

rosica_kvetki48

rosica_kvetki55

Таццяна Смоткіна, тэкст
Марына Сінкевіч, фота

для друку для друку