Новы этап у сваім жыцці глыбоцкія выпускнікі распачалі супольнай малітвай

30 мая ў парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім падчас святой Імшы маліліся за выпускнікоў. Адзінаццацікласнікі сабраліся ў святыні перад алтаром Пана, каб прасіць бласлаўлення на новы этап у сваім жыцці.

Да гэтага часу яны жылі разам з бацькамі, ішлі адным шляхам, зараз стаяць на разгалінаванні “Куды пайсці? Кім стаць? Якое выбраць жыццё?”. Важна, каб маладыя людзі пайшлі за голасам Бога, туды, куды Ён пакліча, каб заўсёды выбіралі правільны шлях і сталі добрымі прафесіяналамі ў будучым. Святую Эўхарыстыю за выпускнікоў, каб Бог заўсёды меў месца ў іх сэрцы, каб яны пра Яго памяталі і ніколі не адыходзілі, ахвяраваў вікарый парафіі кс. Іван Кароткін.

“Першыя 24 гады чалавека складаюць вучобу – школа, універсітэт. Некаторыя і далей працягваюць вучыцца. Важна ісці наперад, упэўнена і з радасцю. Вучоба – гэта час фармацыі, набыцця навыкаў і ведаў, каб пасля карыстацца імі ў сваім жыцці. Навука ў школе назаўсёды запомніцца. Менавіта там вы здабылі сапраўдныя веды, знайшлі першых сяброў. Кожны з вас цяпер хвалюецца пра сваю будучыню і гэта натуральна. Важна даверыцца Богу і ісці наперад, — прамовіў да прысутных у гаміліі кс. Іван і прыцягнуў думку: — Зараз распачынаецца новы этап – жыцця самастойнага і адказнага. Не будзе побач бацькоў, настаўнікаў, школьных сяброў. Будзе новае акружэнне. Вашым заданнем стане заставацца вернымі Хрысту: г.зн. не паддавацца дрэннаму ўплыву, не саромецца хадзіць у касцёл, на саромецца маліцца, а наадварот стаць прыкладам веруючага чалавека. У новым акружэнні з’явяцца спакусы, але важна, каб умелі разумна карыстацца сваё свабодай. Ніколі не забывайце пра Бога і пра паняцце граху. Задавальненні праходзяць, яны часовыя, а вось грахі застаюцца.”

На заканчэнне прамовы святар пажадаў выпускнікам: “Не змарнуйце сваёй маладосці, не зламайце жыццё на самым пачатку, але будуйце яго на трывалым падмурку! Ваш лёс знаходзіцца ў вашых руках. Менавіта ад вас залежыць, якімі станеце людзьмі. Не важна, дзе вы будзеце вучыцца — у школе, ліцэі, каледжы, ва ўніверсітэце — важна, каб вы навучыліся быць добрымі і Божымі людзьмі.”

Музычным суправаджэннем і спевам св. Імшу ўпрыгожыў парафіяльны хор “Ave Maria”.

На заканчэнне Эўхарыстыі святар удзяліў адмысловае бласлаўленне выпускнікам, пасля якога бацькі звярнуліся да святароў і сясцёр законных са шчырымі словамі ўдзячнасці за малітву, прыклад і духоўнае выхаванне дзяцей на працягу многіх гадоў.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку