Сястра Ірына Раманчук родам з Беларусі. Яна належыць да Кангрэгацыі сясцёр-францішканак Сям’і Марыі і вось ужо шэсць гадоў працуе ў Ватыканскім педыятрычным шпіталі ”Bambino Gesu” ў Рыме. Пра тое, як туды трапіла, пра радасці і цяжкасці ў сваёй працы яна распавяла ў інтэрв’ю “Каталіцкаму Весніку”.
– Сястра Ірына, вядома, што Вы год працавалі ў Беларусі, у Глыбокім. Якім чынам Вы трапілі аж у Рым?
– Шчыра кажучы, для мяне гэта было вялікай нечаканасцю. Пасля заканчэння медыцынскага факультэта ў Польшчы я спадзявалася, што вярнуся ў Беларусь і буду тут працаваць у якасці медсястры. Але аднойчы наша Генеральная Настаяцельніца сказала, што я паеду працаваць у Рым. Я вельмі ўзрадавалася, бо дзесьці глыбока ў сэрцы заўсёды марыла, каб хоць аднойчы ў жыцці пабыць у Рыме, наведаць базіліку св. Пятра і іншыя святыя месцы, пабыць, так скажам, у самым цэнтры хрысціянства. Вось так я і трапіла ў Рым.
– У Глыбокім Вы працавалі з дзецьмі, моладдзю. А як паставіліся да таго, што Вам даручылі атрымаць медыцынскую адукацыю?
– Гэта вельмі цікавая справа. Шчыра кажучы, я не ўяўляла сябе ў якасці медсястры. Яшчэ з дзяцінства баялася і не любіла лякарняў, бо самой даводзілася там досыць часта бываць. Баялася таксама крыві, ран, уколаў. Калі Генеральная Настаяцельніца спытала, ці не пайшла б я вучыцца на медсястру, я адказала, што пакуль не бачу сябе ў гэтай ролі, але з Божай дапамогай магу паспрабаваць. Ну і сапраўды, дзякуючы Божай ласцы я цяпер медсястра.
– Вы вучыліся ў адной краіне, а працаваць пачыналі ў іншай. З якімі цяжкасцямі Вам давялося змагацца?
– Па парадку: я сама з Беларусі, вучылася ў Польшчы, працую ў Італіі. Нялёгкая справа (смяецца). Першая цяжкасць – гэта, канешне ж, мова. Трэба было дастаткова добра яе вывучыць, каб магчы працаваць у шпіталі. На пачатку мне шмат дапамагалі зычлівыя калегі, што мяне вельмі ўразіла. Калі я прыходзіла ў аддзяленне, мне казалі: “Не перажывай, усё будзе добра”. Але страх усё ж такі быў спачатку, тым больш, што шпіталь, у якім працую, належыць Ватыкану. Узровень працы высокі, і вымаганні таксама. Усё гэта я ўспрымала як Божую волю і верыла, што Бог мне дапаможа.
– Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра сваю працу.
– Вельмі важным момантам у маёй працы з’яўляецца тое, што кожны дзень пачынаецца св. Імшой у шпітальнай капліцы. Мы просім Езуса, каб даваў нам сілы ісці з паслугай да хворых дзяцей і іх бацькоў. Працую я ў аддзяленні нефралогіі. Гэта цяжкае аддзяленне, бо тут і гемадыаліз, і перасадкі органаў, і нават анкалагічна хворыя дзеці. Я адна сястра-манахіня, рэшта персаналу – свецкія асобы.
– Вядома, шпіталь, ды яшчэ дзіцячы, не самае вясёлае месца, а ўсё ж такі ёсць у Вашай працы нейкія пазітыўныя моманты?
– Безумоўна. Іх вельмі шмат. Мы радуемся, калі нашы пацыенты папраўляюцца і шчаслівыя вяртаюцца дадому. Але ёсць і такія, якія знаходзяцца ў шпіталі па некалькі гадоў, і тады бацькі чакаюць ад нас усмешкі і нават жартаў, бо сама атмасфера шпіталя і цярпення ўжо насоўвае сум. Нават дзеці, нягледзячы на хваробы, умеюць жартаваць, расказваць анекдоты. А яшчэ ў нас малады персанал, а маладым заўсёды весела.
– А што на сённяшні дзень з’яўляецца самым цяжкім у Вашай працы?
– Можна сабе неяк растлумачыць, калі хварэе дарослы чалавек, але калі хварэе дзіця… – сціскаецца сэрца. У наш шпіталь паступае ўсё больш дзяцей з ракавымі захворваннямі, амаль кожны дзень хтосьці памірае. А з іншага боку, назіраеш, як сталеюць бацькі ў цярпенні са сваімі дзецьмі і з якой мужнасцю і даверам Богу прымаюць усё, што адбываецца з імі, а часам яшчэ і нас падтрымаюць, калі трэба. А яшчэ засмучае тое, што шмат часу ў працы трэба прысвяціць паперам і зусім мала застаецца для пацыента, бацькоў, для размоў з імі, для малітвы ля ложка хворага.
– Сястра Ірына, пасля шасці гадоў працы ў шпіталі як Вы разумееце выраз “служыць бліжняму”, што ён для Вас азначае?
– Перш за ўсё, служачы хвораму чалавеку, я служу самому Богу. Наша місія як духоўных асобаў найперш менавіта духоўна падтрымліваць тых, хто сутыкнуўся з хваробай. Служыць – значыць быць пры хворым, часам нават нічога не кажучы, бо не заўсёды можна знайсці словы, каб суцешыць дзіця ці яго бацькоў, асабліва, калі яны разумеюць, што хвароба прагрэсуе. Служыць – значыць проста патрымаць хворага за руку, разам памаліцца. Мы з сёстрамі з маёй супольнасці кожны дзень молімся за нашых пацыентаў, іх бацькоў і ўвесь персанал шпіталя, а таксама стараемся сведчыць сваёй паслугай пра Хрыста, несці Яго хворым. Ну і, канешне, служыць канкрэтнай дапамогай у якасці медсясцёр.
– Ці сумуеце Вы па роднай Беларусі, знаходзячыся так далёка?
– О, вельмі сумую! Я марыла працаваць у Беларусі, але Бог меў для мяне іншыя планы. Пра Беларусь заўсёды памятаю, перш за ўсё малюся за краіну, людзей і тых, хто ёй кіруе. Малюся і за Віцебскую дыяцэзію, і як толькі ёсць магчымасць, наведваю грабніцу св. Язафата* ў базіліцы св. Пятра, давяраю яму справы ўсёй Беларусі, а асабліва – маёй дыяцэзіі. На самым пачатку, калі толькі прыехала ў Рым, у мяне была магчымасць наведваць сустрэчы для моладзі, святароў і сясцёр з Беларусі. Там мы маліліся на св. Імшы па-беларуску, дзяліліся Божым словам, а пасля весела праводзілі час з пачастункам. А яшчэ, калі я прыязджаю да бацькоў на вакацыі, загадзя прашу маму, каб збірала мне нашы рэлігійныя часопісы ды газеты: “Дыялог”, “Каталіцкі Веснік”, “Ave Maria”, пасля вязу ўсё у Рым, у вольны час іду ў сад на лаўку і паволі чытаю, каб расцягнуць прыемнасць (смяецца).
– Дзякуй, сястра Ірына, за размову. Жадаем Вам поспехаў, а таксама Божай дапамогі і зычлівых людзей на Вашым жыццёвым шляху.
– Дзякуй!
Падрыхтавала Марына Раманчук.
*Св. Язафат Кунцэвіч – арцыбіскуп Полацка. Загінуў мучаніцкай смерцю ў Віцебску ў 1623 годзе. З’яўляецца апекуном Віцебскай дыяцэзіі. Цела спачывае ў базіліцы св. Пятра ў Рыме.
