“Касцёл – гэта не карпарацыя”: пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асоб прайшла ў Паставах

pastavy_spatkanie_sviatarou_02

17 лістапада 2016 года ў Паставах, у касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Антонія Падуанскага, адбылося душпастырскае спатканне біскупа Алега Буткевіча са святарамі, законнымі братамі і сёстрамі Віцебскай дыяцэзіі.

Такія духоўныя сустрэчы адбываюцца кожны месяц, каб супольна перажыць сустрэчу з Езусам і правесці малітоўныя спатканні разам з іерархам. Спатканне распачалося малітвай перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам. У гэты час кожны мог скарыстаць з магчымасці сакраманту споведзі і пакаяння.

Святую Імшу для ўдзельнікаў сустрэчы, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, канцэлебравалі генеральны вікарый кс. Францішак Кісель, канцлер курыі кс. Віктар Місевіч і а. Андрэй Сідаровіч МІС.

Айцец Андрэй, марыянін з Росіцы, падчас гаміліі распавёў аб важнасці постаці св. Станіслава Папчынскага для святароў: “Паходзячы з беднай сялянскай сям’і, але праз сваю працавітасць, ён шмат чаго ў сваім жыцці дасягнуў. Кар’ера гэтага чалавека, святара, манаха асягае сваю вяршыню. Штосьці здарылася і адбыўся спор са сваімі сабратамі ў манастве. Атрымалася вельмі непрыемная сітуацыя, якая дайшла да Рыму. Святара хацелі нават забіць, бо быў як «заноза» у целе. Так скончыўся яго першы этап поспеху людскога. Айцец Станіслаў выходзіць з ордэна піяраў і засноўвае новы ордэн — айцоў-марыянаў. Ордэн і Касцёл — не была прыватная справа, не была фірма, у якой працаваў Станіслаў Папчынскі. Касцёл быў для будучага святога містычным Целам Хрыста. Да канца жыцця ён матэрыяльна падтрымліваў свой ордэн, у якім яго хацелі нават забіць, бо лічыў гэта месцам, дзе духоўна нарадзіўся, атрымаў святарскае пасвячэнне.”

pastavy_spatkanie_sviatarou_09

Святар падкрэсліў, што “сёння гэты святы чалавек можа быць для нас (святароў – ад рэд.) прыкладам, асабліва ў нашы часы, як падкрэсліваюць багасловы, калі Касцёл з’яўляецца быццам структурай, фірмай, карпарацыяй, дзе нам шчасціць ці не папрацаваць. Але калі гэта «карпарацыя», то тады ёсць і спакуса судзіць пра гэтае месца, як пра карпарацыю, і судзіць адзін пра аднаго, як пра супрацоўнікаў, а не як братоў у святарстве. Станіслаў Папчынскі ўсё ж чалавек, які нягледзячы на ўсе цяжкасці і акалічнасці жыцця, застаўся праведнікам, Божым чалавекам”.

Пасля Імшы адбылася канферэнцыя на тэму Эўхарыстыі, падчас якой с. Наталля Емяльянава з Віцебска падзялілася сведчаннем “Што ў маім жыцці азначае Эўхарыстыя”.

На заканчэнне былі абвешчаны бліжэйшыя планы і падзеі ў дыяцэзіі. Ардынарый нагадаў, што хутка распачнецца Адвэнт і заклікаў усіх святароў, каб у парафіях па магчымасці адбываліся Рараты.

pastavy_spatkanie_sviatarou_33

Наступная сустрэча будзе аплатковай і пройдзе 15 снежня ў наваполацкім касцёле Сэрца Езуса.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі