Духавенства і кансэкраваныя асобы Віцебскай дыяцэзіі сустрэліся на аплатковым спатканні ў Наваполацку

15 снежня духавенства і кансэкраваныя асобы Віцебскай дыяцэзіі сабраліся ў Наваполацку, каб спаткацца са сваім біскупам Алегам Буткевічам і скласці пажаданні з надыходзячымі Калядамі. Гасцінная парафія Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса расчыніла дзверы свайго касцёла для гасцей.

Сёстры і святары распачалі сустрэчу малітвай у цішыні перад Езусам Эўхарыстычным. У гэты час кожны мог скарыстаць з магчымасці сакраманту споведзі і пакаяння.

Св. Імшу ўзначаліў біскуп Алег. Ва ўступным слове іерарх прывітаў прысутных святароў, законных сясцёр і братоў, якія з’ехаліся з усёй дыяцэзіі, а таксама святароў Грэка-каталіцкай Царквы, каб разам перажыць гэты час.

Прамаўляючы Божае слова, канцлер Віцебскай курыі кс. Віктар Місевіч прыблізіў прысутным асобу святога Яна Хрысціцеля: “Езус хоча мець нас такімі прарокамі, такімі Янамі Хрысціцелямі. У чым мы падобныя да святога? Мы не павінны мець адзенне як у прарока, але знешні выгляд таксама павінен быць прыстойны.

Ян Хрысціцель – голас, які кліча на пустыні. Які я “голас”? Што я сёння гавару? Не хопіць проста казанне сцягнуць з інтэрнэту, яго трэба перажыць, праз сябе прапусціць Божае слова. Варта звярнуць увагу на тое, наколькі гэты “голас” адукаваны, якія мы дазваляем словы казаць з амбоны і ў асабістых размовах з людзьмі. Вельмі важна задумацца над нашымі зваротамі да парафіянаў і памятаць пра годнасць кожнага чалавека, не пагарджаць ім, бо Бог любіць кожнага і атуляе сваёй міласэрнасцю. Тым больш, прарок ХХІ стагоддзя не можа быць іншым, ён павінен ісці шляхам, які нам паказвае Хрыстос у Божым слове.”

Святар таксама заклікаў быць цвёрдымі і адданымі праўдзе, якім быў Ян Хрысціцель.

Біскуп Алег выказаў прысутным словы падзякі за ўдзел у спатканні і павіншаваў з надыходзячым Святам Божага Нараджэння: “Хачу пажадаць, каб гэты час маглі па-хрысціянскі годна перажыць, каб ён быў таксама глыбокім перажываннем таямніцы Бога, Які нас збавіў. Дайце іншым прыклад цеснай сувязі з Богам, які надыходзіць у гэты Сусвет, які нараджаецца і шукае нашага з Вамі сэрца, сэрца прысвечанага выключнай сувязі з Богам”.

Пасля малітвы адбылося кароценькае арганізацыйнае спатканне. Пробашч наваполацкай парафіі кс. канонік Аляксандр Чайкоўскі запрасіў гасцей на абед у рэстаран, дзе і адбылося дзяленне аплаткам і складанне пажаданняў.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі