Для Каталіцкай акадэміі выдзелены ўчастак у цэнтры Мінска

66a54350e94d9d93612885188af705a6_LПершая ў Беларусі Каталіцкая акадэмія будзе пабудавана ў Мінску на скрыжаванні вуліцы Філімонава з праспектам Незалежнасці недалёка ад Нацыянальнай бібліятэкі, паведаміў на перадкаляднай прэс-канферэнцыі мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкай царквы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ён адзначыў, што гэта «вельмі добрае месца» і цяпер Касцёл чакае афіцыйных папер.

Нагадаем, 17 лютага Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі атрымала пасведчанне аб афіцыйнай рэгістрацыі Вышэйшай духоўнай навучальнай установы «Мінская тэалагічная акадэмія імя святога Яна Паўла II» Рыма-Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь.

Акадэмія была зарэгістравана 13 лютага 2015 г. пад рэгістрацыйным нумарам 193. Адметна, што ў апошні, трэці раз, дакументы на рэгістрацыю былі пададзены 5 лютага, ва ўспамін святой Агаты, а рэгістрацыя была здзейснена 13 лютага — ва ўспамін Маці Божай Фацімскай.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў даручыць новазарэгістраваную Акадэмію апецы Маці Божай Фацімскай, з якой звязана духоўнае адраджэнне беларускага народа, і святому Яну Паўлу II, які распачаў ажыццяўленне гэтага адраджэння паводле фацімскага паслання.

Акадэмія будзе развівацца ў двух напрамках — у якасці семінарыі для падрыхтоўкі святароў і тэалагічнай студыі для свецкіх людзей, у рамках якой будуць вывучацца і іншыя навукі.

katolik-gomel.by

для друку для друку