Дзень 13 снежня для Віцебска быў асаблівым, таму што менавіта сёння ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага адбылася выключная падзея: адкрыццё Святых Дзвярэй.
2016 год аб’яўлены Годам Міласэрнасці. Варта адзначыць, што з надзвычайным Юбілейным Годам Міласэрнасці звязаны адпусты, і таму на пачатку св. Імшы, каб атрымаць адпуст, вернікі зрабілі кароткую пілігрымку да Святых Дзвярэй у знак глыбокага імкнення да сапраўднага навяртання.
Святую ўрачыстую Імшу канцэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч разам з прысутнымі святарамі.
У сваёй гаміліі іерарх зазначыў, што мы атрымалі вялікі дар праз уладу Папы Францішка, каб карыстаць з гэтай ласкі. Бог не шкадуе Свайго дару Міласэрнасці, Ён кліча нас да супольнасці з Ім.
“Мы чуем розныя парады. Цікава, што мог бы сёння сказаць Ян Хрысціцель нам, людзям 21 стагоддзя. Адказ просты, павінны верыць у Бога ўсім сэрцам, паверыць у Яго любоў і міласэрнасць, каб атрымаць збаўленне, перамяніць жыццё, памятаць пра бліжняга і клапаціцца не толькі пра сябе, але і аб дабрабыце бліжняга.”
Варта помніць, што Сам Езус называе Сябе Брамай і дараваннем кары за грахі. Адпусты можна атрымаць праз рэкалекцыі, таму біскуп Алег заахвоціў усіх вернікаў, каб на працягу ўсяго года ахвяравалі ў інтэнцыях не толькі за сябе, але і за памерлых, а таксама атрымалі свабоду, без якой немагчыма знайсці шчасця і дар жыцця.
Напрыканцы Эўхарыстыі іерарх звярнуў увагу прысутных на ўрывак са Святога Пісання аб тым, што трэба быць міласэрным, як і Айцец наш Міласэрны, бо сучасны свет патрабуе свету.
«Няхай кожны з нас, які адчуў гэтую Міласэрнасць дакранецца да вялікага дару і стане светам», — пажадаў усім прысутным Віцебскі Ардынарый.
У сваю чаргу новы пробашч Віцебскай катэдры, кс. Андрэй Аніскевіч падзякаваў шматлікім прысутным святарам і вернікам за прысутнасць, супольную малітву і падтрымку.
Алёна Фянько, тэкст і фота
