Біскуп Алег Буткевіч узначаліў парафіяльнае свята ў Папшычах (+відэа)

Гэта адбылося на ўрачыстасць Спаслання Духа Святога ў нядзелю 20 мая.

Традыцыя насіць намётку ўзнікла ў Папшычах даўно. Па словах гісторыка Дзяніса Філіпчыка, гэта традыцыя існавала ў шматлікіх мясцінах Беларусі, але толькі ў Папшычах гэта традыцыя захавалася да нашых дзён.

Некалі, каб абараніць вёску ад страшнай хваробы, якая лютавала навокал, вяскоўцы сабраліся і за адну ноч выткалі палатно, якое ахвяравалі ў храм.

— Яно ўяўлялася як ахвяра Богу, ахвяра гэтай працай, гэтым палатном дзеля таго, каб Ён уратаваў вёску ад пэўнай небяспекі, — кажа Дзяніс Філіпчык.

Хвароба не зачапіла вёску, і з той пары вяскоўцы кожны год сталі ахвяроўваць гэта палатно. Гэты абрад называецца тут “насіць намётку”. Раней намётку насілі ў касцёл у Мосар, бо Папшычы належалі да мосарскай парафіі. Зараз яе нясуць да могілкавай капліцы ў Папшычах, дзе і адбываецца святая Імша.

Як кажа Дзяніс Філіпчык:

— Гэта традыцыя ў вёсцы захавалася, таму што некалі людзі, каб пазбавіцца ад хваробы сабраліся і за адзін дзень, за адну ноч выткалі гэта палатно. Палатном абносілі вёску і неслі яго ў парафіяльны касцёл. Тады вёска адносілася да мосарскай парафіі. Неслі ў касцёл яго, ахвяроўвалі, клалі на алтар і там асвячалі.

Адметнасцю сёлетняга году стаў удзел у гэтым абрадзе біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча. Да крыжа ў вёску ён прыехаў з самага ранку. Па традыцыі, менавіта ад крыжа пачынаецца шлях працэсіі з намёткай.

У гэтым годзе біскуп Алег унёс некаторыя карэктывы ў гэты абрад. Упершыню ў гэтым годзе намётку неслі складзенай, а не разгорнутай. Чаму менавіта так, іерарх паабяцаў патлумачыць на могілках. Таксама ўпершыню ў гэтым годзе ў працэсіі неслі фігурку Маці Божай.

Шлях ад крыжа да могілкавай капліцы займае каля дваццаці хвілін. Як толькі працэсія прыйшла на могілкі, пачалася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч.

На пачатку богаслужэння іерарх звярнуў увагу на моцны вецер, які быў у гэты дзень. Ён адзначыў, што ў дзень Спаслання Духа Святога вецер – гэта добры знак.

У сваім слове да вернікаў іерарх звярнуў увагу на важнасць прабачэння ў нашым жыцці. Нам парой цяжка прабачыць іншага чалавека, — адзначыў іерарх, — але мы хочам, каб прабачалі нас. Таму вельмі важна прабачаць іншым людзям. Асабліва важна гэта ў сямейным жыцці, бо зараз вельмі шмат разводаў. А ўсё таму, што людзі не хочуць прабачыць мужа або жонку.

Звярнуў ардынарый і на перажыткі язычніцтва ў нашым жыцці, калі мы пачынаем пакланяцца не Богу, а нейкаму прадмету, служым не стварыцелю, а стварэнню. Калі мы пачынаем звязваць пэўныя Божыя ласкі не з верай у Бога, а з нейкімі прадметамі. Іерарх патлумачыў, што праносіць намётку над дзецьмі – гэта язычніцтва. Вядома, чалавек па сваёй прыродзе рэлігійны, таму і верылі нашы продкі ў розныя цудадзейныя камяні, дрэвы і іншыя прадметы. Але сапраўднай можа быць толькі вера ў Езуса Хрыста – нашага Збаўцу.

Вядома, вельмі добра, што гэта традыцыя – насіць намётку – тут захавалася. Але яна павінна дапамагаць нам паглыбленню веры, разуменню, што гэта ахвяра Богу, а не нейкай там сіле. Таму няхай Дух Святы абудзіць у нас веру.

— Езус прайшоў праз браму смерці, Ён уваскрос. І дае нам сёння Духа Святога, каб мы ў гэта ўсім сэрцам паверылі. І толькі на Бога, на яго моц, на яго міласэрнасць спадзяваліся. Калі нейкі знак нам у гэтым дапамагае, то дзякуй Богу за гэта. Але каб ніводзін знак у гэтым свеце нам у гэтым не перашкодзіў, — адзначыў іерарх.

Напрыканцы Імшы вернікі памаліліся літаніяй да Маці Божай, пасля чаго біскуп блаславіў усіх дзяцей і цяжарных жанчын, што прысутнічалі на Імшы.

Дзяніс Філіпчык, дзякуючы якому гэты абрад і быў уключаны ў Спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў краіны і стаў вядомы ўсёй Беларусі, падкрэсліў ролю дзяржавы ў яго захаванні:

— Гэтаму абраду нададзены статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці, якая ўнесена ў Спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. І захоўваць яго не проста абавязак дзядуль і бабуль, іх унукаў, якія сюды прыязджаюць, але і абавязак усёй нашай дзяржавы. Таму яна павінна клапаціцца, каб такія традыцыі і абрады захоўваліся.

Але захавацца гэты абрад можа толькі дзякуючы таму, калі ў Папшычах будуць вернікі. Таму будзем маліцца за тое, каб Папшычы не зніклі з геаграфічнай мапы Беларусі. І тады абрад нашэння намёткі дакладна захаваецца.

Зміцер Лупач, тэкст
Леанід Юрык, фота і відэа

для друку для друку