Зімовы “Закхей”: у атмасферы даверу

Евангелізацыйны курс для школьнай моладзі “Закхей” зноў “уварваўся” ў канікулы і сабраў падлеткаў з розных куткоў Беларусі ў рэкалекцыйным доме ў Оршы. Нягледзячы на тое, што гэтым разам даты сустрэчы акурат прыходзіліся на апошнія дні зімовага адпачынку ад вучобы, шмат хто выбраў прыехаць на рэкалекцыі, каб правесці гэты час найбольш плённа.

Рыхтуючыся да курса, каманда “Закхея” заўсёды стараецца абапірацца не толькі на свае адчуванні актуальнасці тых ці іншых духоўных тэм, але і прыслухоўваецца да пажаданняў удзельнікаў. Так, напрыклад, духоўнай прапановай з боку арганізатараў былі тэмы “Мая вера” (а. Віталь Даніловіч МІС), а таксама абмеркаванне асноўных ідэй энцыклікі св. Папы Яна Паўла ІІ “Любоў і адказнасць”, дзе асаблівая ўвага надаецца адносінам да цялеснасці (а. Ян Чупрынскі МІС). Адказам на пытанні ўдзельнікаў, якія яны задавалі на мінулых сустрэчах, стала канферэнцыя пра гомасексуальнасць (Паліна Грыб), дзе разглядалася не толькі характарыстыка з’явы, але і абмяркоўвалася стаўленне Касцёла да гэтага няпростага пытання.

Асаблівай каштоўнасцю супольнасці “Закхея” з’яўляецца тое, што паміж дарослымі і падлеткамі ўсталявалася трывалая атмасфера даверу, у якой кожны ўдзельнік можа падзяліцца сваімі думкамі, праблемамі і перажываннямі з дарослым і дасведчаным чалавекам, які, калі не дасць адказ ці параду адразу, то абавязкова потым вернецца да гэтага пытання падрыхтаваным. Такім чынам, расклад курса і сэнсавае напаўненне максімальна набліжаецца да таго, што важна і актуальна падлеткам на дадзены момант.

Да таго ж, давер спрыяе прыходу ў супольнасць новых людзей. Удзельнікі не баяцца клікаць на курс сваіх няверуючых сяброў, аднакласнікаў ці родных, а праграма курса разлічаная на тое, што чалавек, які яшчэ зусім не ведае Бога, можа адчуваць сябе добра ў хрысціянскім асяродку.

Дзе ёсць давер, там ёсць месца і для смутку, і для радасці. Калі найбольш складаныя і часта цяжкія эмоцыі ўдзельнік перажывае падчас малітваў, “пустыні” і споведзі, то для радасці і творчай рэалізацыі таксама адведзены асаблівы час. Напачатку сустрэчы, удзельнікі падзяліліся на групы і атрымалі заданне падрыхтаваць музычны нумар у зададзеным стылі – поп, рок, фолк і г.д. У адзін з апошніх вечароў адбылася прэмія “Грэмі”. Прыемна было бачыць, як сур’ёзна ўсе рыхтаваліся да вечара, як падбіралі спевы і касцюмы. Гэтак жа аддана потым на канцэрце ўсе падтрымлівалі адзін аднаго, гучна падпяваючы і пляскаючы ў далоні.

Падсумоўваючы, хацелася б сказаць, што з кожным разам праграма “Захкея” робіцца ўсё больш разнастайнай, але насамрэч, яе магло б і не быць, а “Закхей” усё роўна адбыўся б. Таму што кожная сустрэча сцвярджае, што галоўнае – гэта людзі і іх жаданне быць супольнасцю, бо “дзе двое ці трое збяруцца ў Імя Маё, там і Я буду сярод іх”.

Паліна Грыб, тэкст
Фотаздымкі ўдзельнікаў

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі