Зала ў Еўрапарламенце атрымае імя святога Бэнэдыкта

У Еўрапейскім парламенце ў Страсбургу адну з канферэнц-залаў назавуць імем святога Бэнэдыкта. Пра гэта паведаміла фракцыя Еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў (ECR), паведамляе беларуская рэдакцыя Vatican News.

Многія памяшканні ў Еўрапейскім парламенце носяць імёны выбітных еўрапейцаў. Фракцыя кансерватараў і рэфармістаў прапанавала надаць зале, у якой праходзяць яе сустрэчы, імя аднаго са святых заступнікаў Еўропы – святога Бэнэдыкта Нурсійскага.

Паводле членаў групы, гэтая назва павінна нагадваць пра хрысціянскія карані Еўропы. Яны падкрэслілі, што прысваенне імя ўпісваецца ў працэс, які еўрапейскія кансерватары пачалі ў 2024 годзе ў Субіяка – адным з месцаў дзейнасці святога Бэнэдыкта.

У гэтым італьянскім горадзе члены фракцыі ECR падрыхтавалі праграмны дакумент “Бэнэдыктынскае бачанне: Хартыя кансерватыўных каштоўнасцяў”. Ён з’яўляецца ідэйным фундаментам гэтай палітычнай групы ў Еўрапейскім парламенце.

Святы Бэнэдыкт нарадзіўся каля 480 года ў Нурсіі (сёння горад Норча на тэрыторыі Італіі), а памёр 21 сакавіка 547 года ў заснаваным ім манастыры Монтэ-Касіна. У Каталіцкім Касцёле ён ушаноўваецца як адзін з шасці нябесных заступнікаў Еўропы разам са святымі Кірылам і Мятодам, Брыгітай Шведскай, Кацярынай Сіенскай і Эдытай Штайн (Тэрэзай Бэнэдыктай ад Крыжа).

для друку для друку