Законная сястра з Італіі справілася з жудасным заторам на дарозе

Ілюстрацыйнае фота

Не кожны дзень можна ўбачыць манахіню, якая бярэцца за рэгуляванне дарожнага руху, яшчэ і робіць гэта, шырока ўсміхаючыся. Але сястра Эмілія Джітару,  урсулінка з Лечэ (Італія), стала сенсацыяй у сацыяльных сетках пасля таго, як выйшла на ажыўленае рымскае скрыжаванне і разабралася з заторам.

На відэа сястра ў чорным габіце і яркіх красоўках упэўнена жэстыкулюе, выводзячы аўтамабілі і аўтобус з затора каля касцёла. Паблізу не было ніводнага паліцэйскага, таму гэтая энергічная сястра проста зрабіла тое, што трэба было зрабіць — на вялікую радасць удзельнікаў руху і гледачоў. Калі затор быў ліквідаваны, адзін з кіроўцаў закрычаў з акна машыны: «Слава Госпаду!». У горадзе, вядомым сваім хаатычным рухам, невялікі ўчынак служэння сястры Эміліі Джітару здаваўся амаль цудам.

Цікава, што сястра Эмілія не заўсёды была манахіней. Перш чым прысвяціць сваё жыццё Езусу, яна была футбалісткай і нават гуляла за жаночую зборную Румыніі. Цяпер яна вядомая як «самая небяспечная нападаючая ў футбольнай камандзе італьянскіх манахінь». Тыя, хто яе ведае, кажуць, што ў яе заўсёды быў дух спаборніцтва і сэрца, адкрытае для іншых, і цяпер, будучы законнай сястрой, яна накіроўвае гэты запал на служэнне сваёй супольнасці.

Хуткія дзеянні сястры Эміліі ліквідавалі затор за лічаныя хвіліны, даказаўшы, што габіт і дарожная сітуацыя цалкам могуць спалучацца, калі матывам з’яўляецца любоў. Важна адзначыць, што матывацыяй сястры Эміліі Джітару была не слава ці захапленне іншых, а вернасць абавязку. «Я зрабіла гэта, таму што маё сумленне падказвала мне, што я магу зрабіць нешта добрае», — сказала яна The Times.

Бачачы кіроўцаў, якія сігналяць, і дзяцей, якія чакаюць у машынах, яна адчула абавязак дапамагчы. «Паколькі я манахіня, гэта адгукнулася», — сціпла дадала яна, здзіўленая тым, што просты акт дабрыні жанчыны ў манаскім строі можа мець такі рэзананс. Але менавіта гэта публічнае сведчанне — сястры ў габіце, якая радасна служыць пасярод вуліцы — кранула душы. Яе бачная вера ператварыла звычайны затор у сцэну дабрыні. Як пажартаваў адзін відавочца, толькі Бог (ці ў гэтым выпадку Божы слуга ў красоўках) мог справіцца з беспарадкам на рымскіх дарогах.

Сапраўды натхняе тое, наколькі вера сястры Эміліі відавочная ў яе дзеяннях. Яна носіць свой габіт не проста як форму, але і як знак надзеі. Выйшаўшы на пешаходны пераход, яна паказала, што яе хрысціянская любоў не абмяжоўваецца капліцамі ці класамі — яна выліваецца на вуліцы, дзе людзям патрэбна дапамога.

Тыя, хто ведаюць сястру Эмілію, не здзіўлены яе гераізмам. Кожны дзень яе можна ўбачыць каля варот школы ўрсулінак, дзе яна служыць, усміхаючыся і бяспечна пераводзячы дзяцей праз вуліцу. Гэта сціплы рытуал ахоўнай любові, які яна выконвае гадамі. На гэты раз яе ўчынак трапіў у загалоўкі газет, але для яе ў гэтым не было нічога незвычайнага. Гэта было проста пытанне абавязку і спачування. «Гэта патрабуе грамадзянскай чуласці — мы ўсе, як грамадзяне, павінны старацца вырашаць праблемы без крыкаў і лаянкі», — патлумачыла сястра. «Нават той, хто няправільна прыпаркаваўся, мог патрапіць у надзвычайную сітуацыю». Такія словы сведчаць пра глыбокую міласэрнасць і разважлівасць, якія вынікаюць з яе веры.

Назіральнікі адзначалі, як радасна сястра Эмілія падышла да выканання задання. Сведкі параўноўвалі яе кіраванне дарожным рухам з энтузіязмам трэнера і пяшчотай медсястры. Сапраўды, яе спартыўнае мінулае і рэлігійная сучаснасць, здавалася, супалі: можна сказаць, што ў той дзень яна абышла раздражненне і забіла гол за ветлівасць. Публічна рэалізуючы сваё пакліканне пасярод шумнай вуліцы, яна стала ўзорам добрай волі.

У свеце, дзе рэлігія часта адыходзіць у прыватную сферу, адкрытая прысутнасць гэтай манахіні нагадала ўсім, што вера можа быць яркай, пазітыўнай сілай у грамадскім жыцці. Сёстры не сядзяць склаўшы рукі — калі яны бачаць людзей у патрэбе, яны спяшаюцца на дапамогу, давяраючы Божаму Провіду.

credo.pro
Пераклад Марыны Ткач

для друку для друку