З нагоды юбілею-2025 у Рыме будзе выстаўлена карціна Шагала «Белае распяцце»

Як паведамляе Дыкастэрыя па справах евангелізацыі, з нагоды пачатку Юбілейнага года ў Рыме будзе выстаўлена адна з самых вядомых карцін Марка Шагала — «Белае распяцце». Марк Шагал лічыцца адным з найвялікшых мастакоў ХХ стагоддзя і т.зв вялікага парыжскага авангарду.

Адкрыццё выставы, падчас якой можна будзе ўбачыць гэту працу, адбудзецца 27 лістапада 2024 г. у рымскім Палацо Чыпола — рэзідэнцыі музея Дэль Корса. Карціна «Белае распяцце» будзе выстаўлена ў Рыме ўпершыню. Карціну можна будзе ўбачыць да 27 студзеня 2025 года, уваход на выставу будзе вольным.

Карціна «Белае распяцце», напісаная ў 1938 годзе, лічыцца адной з найважнейшых работ Шагала. Акрамя разважанняў пра пакуты Хрыста, гэта яшчэ і спроба прыцягнуць увагу да пакут яўрэйскага народа ў 1930-я гады. Прысутнасць гэтай карціны ў Рыме на пачатку Юбілейнага года можа стаць для наведвальнікаў выставы «магчымасцю зазірнуць у сябе і задумацца над таямніцай крыжа», — пішуць арганізатары.

Па словах а. Антоніа Спадаро SJ, гэты твор Шагала з’яўляецца любімай карцінай Папы Францішка.

Польская рэдакцыя Vatican News
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку