З касцёла ў Парыжы выкралі рэліквіі святога Вінцэта дэ Поля

Паліцыя расследуе крадзеж рэліквій Святога Вінцэнта дэ Поля. Магчыма, што рэліквіяр быў скрадзены арганізаванай групай злодзеяў, якія спецыялізуюцца на крадзяжы рэлігійных прадметаў і твораў мастацтва.

Святы Вінцэнт дэ Поль (1581-1660) быў адной з вядучых фігур хрысціянскай дабрачыннасці ў Францыі. Ён прысвяціў сваё жыццё самым бедным, хворым і пакінутым дзецям. Гэты святар арганізаваў шматлікія акцыі дапамогі. Ён заснаваў дзве рэлігійныя абшчыны: айцоў-місіянераў, таксама вядомых у розных краінах як лазарысты або вінцэнціянцы, і — разам са святой Луізай дэ Марыяк — сясцёр міласэрнасці (шарыткі). Яго цела спачывае ў капліцы Генеральнага дома айцоў-місіянераў.

Арганізаваная злачыннасць?

Рэліквіі Святога Вінцэнта дэ Поля былі скрадзеныя з касцёла, які носіць яго імя. Паліцыя не выключае магчымасці таго, што рэліквіяр мог стаць ахвярай сеткі злачынцаў, якія спецыялізуюцца на крадзяжы рэлігійных прадметаў або твораў мастацтва.

«Справа не толькі ў тым, што быў скрадзены каштоўны гістарычны рэліквіярый; гэта відавочна было наўмысным апаганьваннем», — падкрэслівае каталіцкая штодзённая газета Tribune Chrétienne. Гэтую выснову можна зрабіць з таго факту, што была скрадзена толькі рэліквія, астатнія прадметы засталіся. Парыжскі касцёл, прысвечаны святому Вінцэнту дэ Полю, быў пабудаваны з 1824 па 1844 год. Яго манументальны сілуэт, натхнёны архітэктурай старажытных храмаў, дамінуе над тэрыторыяй вакол двух чыгуначных вакзалаў: Паўночнага і Усходняга. Касцёл адкрыты на працягу дня, каб людзі маглі прыходзіць і маліцца.

Больш за адну ахвяру

Крадзеж быў выяўлены ў суботу, 7 сакавіка 2026 года. Рэліквіяй святога Вінцэнта была тканіна — частка яго плашча. Кавалак тканіны быў выстаўлены ў металічным медальёне XVII стагоддзя і даступны для ўшанавання вернікамі. Таксама зніклі рэліквіі святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса.

Пробашч сцвярджае, што больш нічога не было скрадзена, і крадзеж не суправаджаўся ніякімі пашкоджаннямі або вандалізмам.

Рэліквія святога Вінцэнта, які жыў у Парыжы ў XVII стагоддзі, хадзіў па гэтых вуліцах і зрабіў шмат добрага для бедных парыжскіх жыхароў, уразіла парафіян і святара. Аднак «дух святога Вінцэнта дэ Поля застаецца. Міласэрнасць нельга скрасці, і місія нашай парафіі, пабудаванай вакол асобы святога Вінцэнта, будзе працягвацца», — запэўнівае святар.

Парафія супрацоўнічае з дзяржаўнымі ўладамі, каб узмацніць бяспеку вакол будынка, сумесна з мэрыяй Парыжа. Аднак дыяцэзія ўдакладняе: «Няма гаворкі пра абмежаванне доступу да храма — месца сустрэчы з Богам».

Паводле Credo, Stacja7
Пераклад Марыны Сінкевіч

для друку для друку