З чаго пачыналася гісторыя парафіі ў Германавічах

Сучасны выгляд

Сёлета ў Германавічах адсвяткавалі 460-годдзе мястэчка. Такая падзея дае нагоду, каб узгадаць пра пачатак гісторыі гэтага вельмі цікавага паселішча, а таксама каталіцкай парафіі ў ім.

Першая згадка пра Германавічы звязаная з перыядам вайны, якую маскоўскі цар Іван Жахлівы распачаў супраць Вялікага Княства Літоўскага. У 1563 годзе ён захапіў Полацк. Гэтая вайна стала катастрофай для невялікай каталіцкай супольнасці, якая існавала ў Полацку і гуртавалася вакол кляштара бернардынаў. Маскоўскія жаўнеры забілі каталіцкіх манахаў, а таксама мясцовых габрэяў. Захапіўшы Полаччыну, акупанты ўзяліся апісваць межы захопленай тэрыторыі. Вось у гэтых дакументах, называных “пісцовымі кнігамі”, і прыгадваюцца першы раз Германавічы.

Праўда, афіцыйная дата першай згадкі разыходзіцца з гістарычнымі дакументамі. Калі ўважліва чытаць зборнікі архіўных крыніц, дзе друкаваліся “пісцовыя кнігі”, можна ўбачыць, што ўрывак, які датычыць Германавічаў, датуецца не 1563 годам, а красавіком 1566-га.

Германавічы на карце Станіслава Пахалавіцкага, 1580 год.

Тагачасныя Германавічы названыя сялом у “Друйскай воласці” і ляжалі на левым беразе ракі Дзісёнкі (тым, дзе цяпер касцёл). Адміністрацыйна гэтая мясцовасць належала да Браслаўскага павета Віленскага ваяводства. “Друйская воласць” – гэта былі прыватныя ўладанні рода Сапегаў, да якіх адносіліся Друя, Іказнь і Новы Пагост. У 1563 годзе левы бераг Дзісёнкі не патрапіў пад маскоўскую акупацыю. А вось правы бераг належаў да Полацкай зямлі, пазней – Полацкага ваяводства, і часова быў пад уладай Масквы. У 1579 годзе вялікі князь літоўскі і кароль польскі Стэфан Баторы вызваліў Полаччыну. На карце, якую ў 1580 годзе выдаў каралеўскі картограф Станіслаў Пахалавіцкі, сярод іншых паселішчаў рэгіёна былі пазначаныя “Hermanowice”.

У XVI стагоддзі жыхары Германавічаў былі праваслаўнымі. Праўда, глыбей зазірнуўшы ў гісторыю, нельга не згадаць, што калі ў 988 годзе была ахрышчана Русь, а ў 992 годзе ўтворана епархія ў Полацку, Царква яшчэ была адзіная. Раскол, калі праваслаўныя, падпарадкаваныя патрыярху ў Канстанцінопалі, перасталі прызнаваць уладу Рыма, адбыўся ў 1054 годзе.

Уладальнікі гэтай часткі Паазер’я – Сапегі – дзейнічалі на карысць вяртання адзінства Царквы. У гістарычных дакументах захавалася згадка, што Іван Сапега, які ў 1501 годзе ездзіў з пасольствам у Рым, атрымаў дазвол, каб у касцёле ў Іказні служылі набажэнствы святары як лацінскага, так і візантыйскага абрадаў, каторыя былі ў адзінстве з Рымам. Але гэта была толькі спроба. А сапраўднае кананічнае адзінства з Апостальскай Сталіцай вярнулі ў 1596 годзе ў выніку Берасцейскай царкоўнай уніі. Тады была ўтвораная Грэка-Каталіцкая Царква, вернікі якой прызнавалі ўладу Папы, але ў набажэнствах і ўсім рэлігійным жыцці захоўвалі ўсходні абрад.

Дык вось жа, першая хрысціянская святыня ў Германавічах, пра якую нам вядома з гістарычных дакументаў, была грэка-каталіцкай.

Самы стары дакумент, каторы датычыць царквы ў Германавічах, і з каторым удалося азнаёміцца дзякуючы дапамозе архівіста Дзяніса Лісейчыкава, адносіцца да 1703 года. Царква мела тытул Перамянення Пана. Пробашчам быў святар Кіпрыян Рукшынскі. Што да часу пабудовы, то ў дакуменце сказана: царква была збудаваная шэсцьдзясят гадоў таму, фундавалі яе Сапегі. Такім чынам, узвядзенне той святыні можна аднесці да 1640-х гадоў. Магчыма, больш верагоднай датай яе заснавання быў 1639 год, бо ў тым годзе Сапегі заснавалі грэка-каталіцкую царкву ў Старой Шаркаўшчыне. Таму парафія ў Германавічах даволі старая. Прыкладна ў той самы час, у 1640-я гады, былі збудаваныя парафіяльны і кармеліцкі касцёлы ў Глыбокім, касцёл францішканаў у Удзеле. (Маюцца на ўвазе даўнейшыя драўляныя святыні, бо цяперашнія, мураваныя, паўсталі пазней).

Выгляд касцёла і плябаніі ў Германавічах па стане на 1810 год. Рэканструяваў паводле дакументаў у 1854 годзе германавіцкі пробашч кс. Канстанцін Лодзь.

У 1739 годзе Сапегі прадаюць Германавічы з наваколлем Гільзэнам. У другой палове XVIII стагоддзя ўладальнік маёнтка Юзаф Гільзэн прыняў пад сваю апеку небагатага шляхціца Ігната Шырына, дапамог яму атрымаць адукацыю і прызначыў яго адміністратарам сваіх маёнткаў. Шырын сур’ёзна бярэцца за развіццё маёнтка, а ў 1776 годзе выкупляе ад Гільзэна ўвесь “германавіцкі ключ”, які складаўся з Германавічаў, суседніх вёсак Цярэшкі, Лагуны, Мікіцёнкі, Прошкі, Азёры і фальваркаў Падоршчына, Белы Двор, Прамяны, Мар’янполле, Красоўшчына.

Адна з крыніц 1784 года пералічвае, што здзейсніў у Германавічах і наваколлі Ігнат Шырын. Вакол фальварка Белы Двор, дзе Ігнат Шырын меў галоўную сядзібу, быў выкарчаваны лес, а поле прарэзалі меліярацыйныя каналы. Насенне кветак і зёлак, якія раслі ў маёнтку, замаўлялі з Парыжа. Таксама ў маёнтку сеялі пшаніцу і жыта французскіх гатункаў, а гарох – з Сібіры. Некаторыя азёры на балоце Ельня ўладальнік зарыбіў плоткай, ляшчом, судаком і вугром. З Пагоста ў Германавічы праз некалі балотную мясцовасць збудавалі новую прамую дарогу. “Гэтую грэблю ўсе, хто праязджаюць, хваляць, а асабліва вазакі і купцы, што маставога за патрачаны вялікі кошт на ёй добры гаспадар і фундатар не бярэ. Калі прыязджаеш у мястэчка, стаіць вялікая новазмураваная царква, якую заканчваюць бяліць. Дзве прыстойныя аўстэрыі, гарадскія дамы, старая руска-ўніяцкая царква, пры якой парох германавіцкай парафіі”, – піша аўтар. Таксама, пачынаючы з 1776 года, дакументы згадваюць “Новае Места” – частку Германавічаў на правым беразе Дзісёнкі. У Старым Месце, на левым беразе, былі дваццаць два дамы. А “новая царква”, якая ў 1784 годзе была ўжо збудаваная, – гэта цяперашні касцёл Перамянення Пана ў Германавічах. У той час святыня мела тытул Апекі Прасвятой Багародзіцы і была асвечана 6 кастрычніка 1787 года. Якраз гэты дзень і прынята лічыць за дату заснавання германавіцкага касцёла. Аднак мала хто ведае, што гісторыя парафіі як мінімум на паўтара стагоддзя даўжэйшая.

У 1793 годзе Германавічы трапляюць пад уладу Расійскай імперыі. Ігнацы Шырын у 1796 годзе піша тэстамент, у якім просіць дзяцей пахаваць яго пад царквой у Германавічах, а таксама дабудаваць базыльянскі кляштар, а калі б гэтага не атрымалася, то зрабіць там кляштар для якога-небудзь лацінскага ордэна. Двухпавярховы мураваны будынак кляштара ўзводзіўся злева ад царквы. Акрамя таго, побач са святыняй былі збудаваныя аптэка, дом арганіста і прытулак для старых. Ігнацы памірае 10 жніўня 1796 года. Германавічы дастаюцца ягонаму сыну Юзафу. Той дабудоўвае або заканчвае будаваць двухпавярховы мураваны палац, які захаваўся да нашых дзён.

Якраз у часы Юзафа Шырына, паміж 1800 і 1805 гадамі, германавіцкая царква была ператвораная ў рыма-каталіцкі касцёл, які пры гэтым атрымлівае тытул Перамянення Пана, што мела і першая святыня.

Вернікі сталі ўдзельнічаць у рыма-каталіцкіх набажэнствах, а афіцыйна Германавіцкая парафія была створаная 27 жніўня 1821 года з частак Пагосцкай, Задарожскай і Дзісенскай парафій. Чаму так адбылося? Для таго часу, канца XVIII i пачатку XIX стагоддзяў, было даволі частай з’явай на Паазер’і, што магнаты, каторыя з’яўляліся фундатарамі грэка-каталіцкіх парафій, пераводзілі іх у рыма-каталіцтва. З аднаго боку, гэта было праяўленнем магнацкай самаволі, калі багатыя і ўплывовыя асобы вырашалі, у якім абрадзе і на якой мове мусяць маліцца іх падданыя сяляне. З іншага – улічвалася небяспека таго, што расійскія ўлады могуць прымусова перавесці грэка-каталікоў у праваслаўе. Так у той перыяд не толькі ў Германавічах, але ў Дзеркаўшчыне, Мосары, Лучаі замест грэка-каталіцкіх парафій стварылі рыма-каталіцкія. Засцярога пра небяспеку пераводу ў праваслаўе і страты еднасці з Апостальскай Сталіцай аказалася слушнай. У 1839 годзе расійскія ўлады ліквідавалі Унію. Грэка-каталіцкіх вернікаў прымусова зрабілі праваслаўнымі і не дазвалялі перайсці ў рыма-каталіцтва тым, хто хацеў бы захаваць еднасць з Рымам.

Але вернікаў у Германавічах гэта не кранулася. Яны заставаліся ў Каталіцкім Касцёле.

Руіны капліцы святых Пятра і Паўла ў Германавічах. Фота пачатку ХХ стагоддзя.

Варта згадаць, што ў Германавічах была яшчэ адна рыма-каталіцкая святыня. У 1826 годзе ў правабярэжнай частцы паселішча (Новых Германавічах) Юстын Шырын збудаваў мураваную васьмікутную капліцу святых Пятра і Паўла. Гэта была прыватная капліца сям’і Шырынаў, дзе пахаваныя прадстаўнікі гэтага роду. Капліцу пашкодзіў пажар у 1896 годзе, пасля гэтага яна не рамантавалася. У 1924 годзе яе разабралі, а цэглу перадалі на патрэбы парафіі.

Германавічы на малюнку Язэпа Драздовіча, 1917 год. На левы бок ад касцёла відаць руіны капліцы святых Пятра і Паўла.

Кастусь Шыталь

для друку для друку