Ад свецкіх уладаў у Беларусі залежыць дазвол на права служэння святароў-замежнікаў. Што Вы пра гэта думаеце?
– Мяркую, што на сённяшні дзень, хочам мы таго ці не, стаіць вострая неабходнасць у дапамозе замежных святароў. На жаль, у Беларусі ёсць праблема з распазнаваннем паклікання. Маладыя людзі часта нават не разглядаюць пакліканне да святарства. Ксяндзоў у нашай краіне не так шмат. Некаторыя абслугоўваюць нават некалькі парафій. Таму дапамога замежных святароў не перашкодзіць.
– Я лічу, што так не павінна быць, таму што святары з’яўляюцца апосталамі нашага часу. Яны праз сваё служэнне адкрываюць людзям праўду Божага Слова i заклікаюць да жыцця паводле яго. I калі народ мае ў гэтым патрэбу, то ўлады не павінны перашкаджаць. А наадварот, павінны даць поўную свабоду касцельным уладам у прыняцці святароў-замежнікаў для служэння ў Беларусі! Калі чалавек жыве згодна з хрысціянскімі каштоўнасцямі, то ён будзе i добрасумленным грамадзянінам. I калі Касцёл робіць наша грамадства лепшым, то для свецкіх уладаў не павінна быць розніцы, якія святары вядуць у ім служэнне.
– На мой погляд, справа выглядае так: кожны павінен займацца тым, у чым добра разбіраецца. Асабіста ведаю шмат выдатных святароў з-за мяжы. І яны маюць вельмі добрыя харызматы, здольнасці і галоўнае – жаданне працаваць у Беларусі. Зразумела, што павінен быць кантроль над такой далікатнай справай. Але, на мой погляд, такі кантроль мусіць быць з боку каталіцкай улады (біскупаў, арцыбіскупа). Бо яны як ніхто іншы павінны ведаць, хто і як служыць (таму і могуць пад Божым натхненнем вырашаць такія задачы). Галоўнае ў падобных справах – пытацца ў Бога. Бо гэта тэрыторыя Яго Валадарства, і Ён павінен вырашаць такія пытанні.
– Я лічу, што неабходна дазволіць служыць святарам-замежнікам у Беларусі. Святары з іншых краін даюць магчымасць кожнаму з нас нейкім чынам дакрануцца да іншых народаў. Гэта ўнікальная мажлівасць параўнаць сваё стаўленне да веры, да Бога са святасцю і чысцінёй нашых блізкіх і далёкіх суседзяў. У маім выпадку “класныя” святары-замежнікі, якіх я буду памятаць да канца свайго жыцця, – гэта а. Тамаш Міка і а. Роберт Балек. У нас адна вера, і няма чаго раздзяляць вернікаў усіх краін, тым больш у наш час глабалізацыі і інтэграцыі сусветнай супольнасці.
– Для мяне асабіста зразумела: свецкія ўлады не павінны мець ніякага дачынення, што датычыць служэння святароў з-за мяжы. За Касцёл Каталіцкі ва ўсім свеце адказны Папа Рымскі, а нунцый і біскупы ў нашай краіне з’яўляюцца яго прадстаўнікамі. Яны даюць дазволы на служэнне святароў і выключна ад іх павінна залежаць, ці хтосьці можа працаваць, ці не. Іерархі лепей ведаюць погляды кожнага святара, а не ўлада.
– Зараз я знаходжуся за мяжой. З кожным разам усё больш балюча чытаць навіны пра праблемы Касцёла і дзяржавы. Больш за ўсё здзіўляе, што дзяржава спрабуе забараніць служэнне тым святарам, якія прысвячаюць сваё служэнне моладзі. Святары выхоўваюць маладое пакаленне, прывіваюць хрысціянскія прынцыпы, вучаць любіць і дзяліцца з бліжнім усім, што маеш. Няўжо дзяржава ўбачыла ў гэтым канкурэнцыю? Гэтак жа балюча ад таго, што забарона на служэнне святарам замежнага паходжання мае і палітычную афарбоўку. Касцёл зноў становіцца замешаны ў палітычных гульнях. Кожнае паведамленне пра забарону служэння святароў-замежнікаў заўсёды з нейкай недаказанасцю і паўтаямніцай. Не магу зразумець, з чым змагаецца дзяржава… Яна змагаецца за манаполію фарміравання свядомасці моладзі, за манаполію на ўсталяванне нормаў маральнасці? Ці не пачатак гэта новых ганенняў на Касцёл? Застаецца толькі маліцца, каб Бог паказаў сапраўдную любоў людзям, якія прымаюць гэтыя рашэнні, і ўлады сталі з павагай ставіцца да Касцёла і да святароў.
Ірына Грэйць
Вынікі апытання на сайце Сatholicnews.by і ў Facebook, Укантакце, Аднакласніках
Якое дачыненне павінна мець дзяржава да служэння святароў-замежнікаў у Беларусі?
- Касцёл па сваёй сутнасці паўсюдны, таму дазвол на служэнне святароў-замежнікаў павінен залежыць толькі ад біскупаў – 152 адказы;
- Нават пры дзейным заканадаўстве павінны быць дыялог і ўзаемапавага свецкіх уладаў з духоўнымі ў пытанні служэння святароў-замежнікаў – 99 адказаў;
- Для мяне няважныя юрыдычныя фармальнасці, я хачу, каб у Беларусі было дастаткова святароў – 38 адказаў;
- Свецкія ўлады маюць поўнае права дазваляць або забараняць служэнне святарам-замежнікам у Беларусі – 14 адказаў;
- Іншы адказ у каментарах у сацыяльных сетках – 3 адказы.
Усяго апытаных – 306 чалавек
Каментар на Facebook
Ihar Baranoúski
На жаль, нашая ўласная гісторыя і асабліва цяперашнія праблемы нашай суседкі-Украіны сведчаць, што справа прысутнасці і дзейнасці ў краіне замежных святароў – гэта ня толькі справа біскупаў. Гэта справа і дзяржавы. Не варта, дарэчы, глядзець на гэтае, не такое ўжо і простае пытанне вельмі вузка, вачыма толькі католіка. Запрашаюць у краіну з-за мяжы і пратэстанцкіх прапаведнікаў, і прадстаўнікоў іншых канфесій. Без пэўнага кантролю дзяржавы гэта не можа адбывацца.
для друку