Як выглядае Ваша нядзеля?

Нядзеля ў хрысціянскіх краінах лічыцца святым днём, які трэба прысвяціць Богу і для адпачынку. А як выглядае гэты дзень у беларускіх вернікаў?

TkaczukАрцём Ткачук:

– У дадзены момант разам з нарачонай працуем у місіі ў Камеруне. Нядзеля тут заўсёды аднолькавая. Раніцай сняданак, трошкі вольнага часу, а 10-й гадзіне супольная св. Імша. Звычайна дзеці пасля абеду нешта дамываюць са свайго адзення ці рыхтуюць заняткі на панядзелак. Часта арганізоўваем футбол, дзяўчаты ў сваё нешта гуляюць, нават не ведаю, як гэта называецца (нешта кшталту класікаў). Вечарам глядзім фільм або праводзім нейкі лёгкі занятак. Нядзеля заўсёды больш спакойны дзень, і гэта цудоўна! Заўсёды можаш зрабіць тое, што хацелася, але на што не было часу.

GolecНастасся Голец:

– Калі спыталі, як выглядае мая нядзеля, то крыху паставілі ў тупік. На першы погляд, гэта звычайны дзень. Але, з другога боку, да гэтага дня ў маёй сям’і заўсёды ставяцца з павагай. Так атрымалася, што мой бацька вымушаны працаваць амаль шэсць дзён на тыдні, і нядзеля – гэта той час, калі мы можам сабрацца разам, адпачыць. Дзень заўсёды пачынаецца са Святой Імшы. Да кожнай Імшы рыхтуемся як да свята, заўсёды адчуваецца радасны настрой. Сама заўсёды ўдзельнічаю ў жыцці Касцёла, а менавіта спяваю ў моладзевым хоры. Пасля Імшы праведваем бабуляў, дзядуляў і астатніх сваякоў, праводзім час разам.

ScharschunsАлёна Шаршунс:

– Як выглядае мая нядзеля!? Увогуле, нядзеля для мяне і маіх родных лічыцца сямейным днём адпачынку і днём Божым. Так было закладзена мне з маленства маімі бацькамі, дзядулем, бабулямі і прабабуляй. А зараз я таксама захоўваю гэтую традыцыю ў сваёй маленькай сям’і. Кожную нядзелю ўсе абавязкова ідзём у касцёл, а потым рыхтуем святочны абед. А далей адпачываем разам ці то на свежым паветры, ці то дома. Бывае так, што едзем да бацькоў, але ад гэтага наша нядзеля не змяняе свайго сэнсу.

Па-іншаму быць не можа, бо нядзеля для нас – гэта, так скажам, зарад сілы, моцы, веры і Божага бласлаўленння на новы працоўны тыдзень, на новыя жыццёвыя справы.

SchyschkoВальдэмара Шышко:

– Свой жыццёвы расклад я размяркоўваю прыблізна так. Працоўны тыдзень – ён і ёсць працоўны. Вядома ж, як у пенсіянеркі, кветкі, агароды, птушкі… Ну а нядзеля – гэта асаблівы час, калі рукам трэба адпачыць і неабходна выдзеліць хвіліны для душы. Па магчымасці наведаць каплічку ў Навасёлках (Лучайская парафія), паразмаўляць з Богам, падзякаваць Яму за дадзеную магчымасць пажыць на гэтым свеце, яшчэ раз убачыць вясну ў сваіх кветках. Таксама сустракаюся ў гэты дзень з роднымі людзьмі. Свае думкі магу выказаць вершаванымі радкамі:

Дзякуй Богу за ўсё: за дзяцей і за хлеб, за жыццё на Зямлі,
За Святло, што ў цемры мой шлях асвятляе.
Маці Божая, ласкай сваей ахіні,
Ад грахоў у Цябе паратунку шукаем!..

RusakowaВольга Русакова:

– Мая звычайная нядзеля выглядае наступным чынам. Раніцай устаю дзесьці а 10 гадзіне, гатую сабе сняданне і абед, а таксама, бывае, ежу на панядзелак і аўторак (бо вучуся і жыву адна, далёка ад бацькоў і не заўсёды хапае часу ў будні дзень). Далей дарабляю дамашнія заданні ва ўніверсітэт, калі не паспела раней зрабіць. Іду на фітнес або проста размаўляю з сяброўкамі, як калі. Потым магу пачытаць любімую кнігу або пайсці пагуляць у парк адна ці з сяброўкамі. У 17.30 у маім касцёле св. Крыжа ў Варшаве ладзіцца рэпетыцыя хору, таму еду туды. А 19-ай пачынаецца Імша, на якой спяваю ў моладзевым хоры. Пасля заканчэння размаўляем крыху з сябрамі. Вечарам прыязджаю і рыхтуюся да сну.

Падрыхтавала Ірына Грэйць

Вынікі апытання на сайце Сatholicnews.by і ў Facebook, Укантакце, Аднакласніках

Як выглядае Ваша нядзеля?

— У нядзелю іду на cвятую Імшу, а таксама раблю неабходныя бытавыя справы – 143 адказы;
— У нядзелю я прысвячаю час толькі для адносін з Богам і з блізкімі – 91 адказ;
— У нядзелю не працую, але на cвятую Імшу не заўсёды ўдаецца пайсці – 20 адказаў;
— У нядзелю вымушаны працаваць у сувязі з адпаведным графікам – 8 адказаў;
— Іншае – 7 адказаў;
— Праца – не грэх, таму працую і ў нядзелю – 2 адказы.
Усяго адказаў – 271.

для друку для друку