Як правільна па-беларуску: “загадчык бібліятэкай” ці “загадчык бібліятэкі”?

belmovaДосыць часта і ў вусным маўленні, і ў пісьмовай практыцы, у тым ліку і ў мове сродкаў масавай інфармацыі, паралельна ўжываюцца канструкцыі кшталту загадчык бібліятэкай і загадчык бібліятэкі, загадчык складам і загадчык склада або, як у паліклініцы ці лякарні, – загадчык аддзяленнем і загадчык аддзялення. Але падобныя словазлучэнні нельга разглядаць як раўнапраўныя з пункту гледжання нормаў беларускай літаратурнай мовы. Гэта значыць, што правільная можа быць толькі адна канструкцыя.

Кіраванне як від падпарадкавальнай сувязі ў беларускай мове мае істотныя адрозненні ад рускай. Напрыклад, мы кажам дзякаваць брату (давальны склон), а ў рускай мове – благодарить брата (вінавальны); па-беларуску, напрыклад, хварэць на грып (вінавальны), а ў рускай – болеть грипом (творны і без прыназоўніка). Гэта азначае, што ў свядомасці носьбітаў розных моваў па-рознаму структуруюцца адпаведныя паняцці. І па-рознаму афармляюцца як у вусным маўленні, так і на пісьме.

У беларускай мове слова загадчык спалучаецца з назоўнікамі, якія павінны ўжывацца ў родным склоне: загадчык (чаго?) кафедры, бібліятэкі, аддзялення, аддзела, склада, крамы, дзіцячага дома, канцылярыі, навуковай часткі, фермы, гаспадаркі і г.д. У рускай жа мове адпаведная лексема заведующий патрабуе творнага склону: заведующий (чем?) библиотекой, кафедрой, отделением, отделом, складом, магазином, детским домом, канцелярией, научной частью, фермой, хозяйством і г.д. У нашай мове слова загадчык, інакш кажучы, не можа ўтвараць словазлучэнне з назоўнікам у творным склоне. Таму па-беларуску правільнымі будуць ужыванні кшталту Ён працуе загадчыкам склада; Яе прызначылі загадчыкам аддзялення; Мікалай Пятровіч цяпер загадчык бібліятэкі.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку