“Ражджаство” ці “Каляды”?

kalyadyСёння ў беларускай мове паралельна ўжываецца некалькі слоў і спалучэнняў для абазначэння вялікага хрысціянскага свята, якое адзначаецца паводле каталіцкай традыцыі 25 снежня, а паводле праваслаўнай – 7 студзеня.

Усе прыведзеныя ў нашым загалоўку назвы з той ці іншай частотнасцю фіксуюцца і ў вусным маўленні, і на старонках перыядычнага друку. Пры гэтым слова “Ражджаство” ў розных выданнях мае яшчэ і варыянты напісання: “Цуды на Раждзество… Раждзество – самае добрае і светлае свята… У ходзе дабрачыннай акцыі “Цуды на Каляды”, якая праводзілася ў Навагоднія і Раждзественскія дні, сацыяльны прытулак амаль штодня прымаў гасцей…” (Веснік Глыбоччыны”, 14.01.12, с.7); “Менавіта ў гэтай краме ідзе збор сродкаў на будаўніцтва Спаса-Хрыста-Раджэственскага храма, які ўзводзіцца ў новым мікрараёне “Вулька” (Звязда, 11.02.12, с.1).

Досыць абсурдна ў беларускай мове выглядаюць зафіксаваныя намі ў названых медыях напісанні. Падобную практыку наўрад ці можна лічыць лагічнай і ўвогуле дапушчальнай. Па-беларуску не варта ўжываць слова “Ражджаство”. Гэта стараславянізм, характэрны перадусім для рускай мовы. Яшчэ ў “Падручным расійска-крыўскім (беларускім) слоўніку” Вацлава Ластоўскага (Коўна, 1924 г.) чытаем: “Рождество – нараджэньне; сьвята нараджэньня Хрыста: Каляды, Коляды” (с. 618). “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” не фіксуе назоўнік “Ражджаство” ўвогуле, але падае лексему “Каляды” са значэннем “ царкоўнае хрысціянскае свята нараджэння Хрыста, якое адзначаецца 25 снежня па ст.ст. і ў наступныя дні да Вадохрышча” (Мінск, 1978, т. 2, с. 595). Тут трэба заўважыць, што згаданы назоўнік мае ў беларускай мове шэраг вытворных: “калядаванне”, “калядаваць”, “калядоўшчык” і іншыя. Выразную характарыстыку паняцця “Каляды” дае “Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі”, заўважаючы, што “царква прымеркавала да Калядаў рэлігійнае свята нараджэння Хрыста (Раство)” (Мінск, 1985, т.2, с.639). Падобным жа чынам Каляды трактуе і “Беларуская энцыклапедыя”, дадаючы, што “з усталяваннем хрысціянства Каляды прымеркаваны да рэлігійных свят Раства Хрыстова і Вадохрышча” (Мінск, 1998, т.7, с. 497).

Як бачым, побач з назоўнікам “Каляды” ў аўтарытэтных крыніцах падаюцца і назвы “Раство”, “Раство Хрыстова”. Разам з гэтым апошнім часам істотна пашырыліся ва ўжыванні спалучэнні “Божае Нараджэнне”, “Дзень Божага Нараджэння” і “Народзіны Хрыста”. Знакаміты наш мовазнавец прафесар Павел Сцяцко раіць актыўней ужываць слова “Народзіны” як менш карыстанае ў штодзённым маўленні і таму здатнае да ўзвышанага арэолу: Народзіны Хрыста” (Павел Сцяцко. Культура мовы. – Мінск, 2002, с.404).

У Касцёле традыцыйна выкарыстоўваецца паняцце “Нараджэнне Хрыстова”. Тут дарэчы прыгадаць кантэкст з “Нашай Нівы”: “Каталікі святкуюць Нараджэнне Хрыстова, праваслаўныя – Ражджаство” (27.10.10, с.2).

Такім чынам, для абазначэння вялікага хрысціянскага свята незалежна ад канфесійнай прыналежнасці моўніка можна выкарыстоўваць паняцці “Каляды”, “Раство”, “Божае Нараджэнне”, “Дзень Божага Нараджэння”, “Нараджэнне Хрыстова”, “Народзіны Хрыста”. Таксама як і прыметнік “Калядны”. І не варта ўжываць стараславянізм “Ражджаство” (“Раждзество”) і прыметнік “Ражджэственскі” (“Раждзественскі”), якія проста непрымальныя з пункту гледжання культуры мовы. Іх, дарэчы, няма і ў акадэмічным “Слоўніку беларускай мовы” (Мінск, 2012).

 Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук

для друку для друку