Ніхто з нас не ўяўляе свайго жыцця без медыкаў. Прадстаўнікі гэтай высакароднай прафесіі вяртаюць людзям здароўе, а некаторым ратуюць жыццё. У асноўнай сваёй масе гэта свецкія людзі. Але бываюць і выключэнні. У горадзе Асіповічы на станцыі хуткай дапамогі працуе сястра Дамініка з ордэна святой Ядвігі. Каб на свае вочы пабачыць, як працуецца манахіні на “хуткай”, я накіраваўся ў Мінскую вобласць.
Загадзя дамовіўшыся з сястрой, пад’язджаю да станцыі “хуткай” у Асіповічах і паркую машыну. Тэлефаную с. Дамініцы. Яна спешна адказвае: “Мы маем выклік, ужо ад’язджаем у раён. Едзеце з намі?” “Канешне”, – адказваю і ўскокваю ва “ўазік”, які забірае мяне проста з паркоўкі. У машыне знаёмімся. З пярэдняга сядзення на мяне паглядае ветлівы малады жаночы твар з прыязнай усмешкай. На першы погляд, нічога не нагадвае, што перада мною – манахіня. На ёй белае доўгае адзенне і медыцынская куртка з надпісам “Хуткая дапамога”. І толькі сіні вэлён на галаве падказвае, што гэтая дзяўчына належыць да каталіцкага жаночага ордэна.
З візітам да хворых
“Едзем у вёску, дзе нас чакае анкалагічна хворы, – распавядае с. Дамініка. – Гэта планавая паездка. У пацыента чацвёртая стадыя захворвання, таму мы толькі абязбольваем…” “Чаму гэтага не можа зрабіць хтосьці з мясцовых медыкаў? – пытаюся. – Мабыць, так было б танней для дзяржавы?” “Не думаю, – тлумачыць сястра-фельчар. – Справа ў тым, што мы даём такім хворым спецыяльныя пластыры. Яны наркатычныя. І для іх захоўвання неабходна мець сейф і ахову. Такога сабе не можа дазволіць мясцовы ФАП. Таму раз на тры дні мы прыязджаем з горада, каб даць хвораму гэтае наркатычнае абязбольванне”.
Дарога да вёскі даволі добрая, асфальтаваная, але невялікі “ўазік” няшчадна трасе нават на маленькай няроўнасці. Азіраюся навокал і заўважаю, што транспартны сродак не абшарпаны знутры і выглядае зусім новым. “Такія яшчэ выпускаюць?” – выказваю сваё здзіўленне. У гутарку ўключаецца кіроўца Міхаіл: “Так, выпускаюць. Канешне, пацыента на такой машыне можа добра патрэсці, пакуль яго давязеш да лякарні, але затое гэты “ўазік” дасць фору любой “газелі”, калі трэба даехаць на далёкі хутар па бездарожжы”.
У хуткім часе спыняемся каля вясковай хаты. Разам з сястрой Дамінікай іду ў дом, несучы медыцынскі рыштунак. Заходзячы ў дом, вітаемся з прысутнымі. Сястра ідзе ў пакой старэнькага дзядулі. На сцяне заўважаю каталіцкі крыж. Мяне не пакідае пачуццё, што я ўжо бываў у падобных абставінах. Назіраю, як сястра-фельчар спрытна мяняе пацыенту пластыры і акуратна збірае пакункі ад іх (наркатычныя сродкі на строгім уліку ў медыкаў). Раптам разумею, адкуль у мяне такое знаёмае пачуццё! Я ж сам неаднойчы наведваў хворых, выслухоўваў іх просьбы і суцяшаў у нядолі, даючы святыя сакраманты. Толькі тады на мне было святарскае адзенне, а цяпер – камізэлька з надпісам “Хуткая дапамога”. Аналізуючы свае пачуцці, прыходжу да высновы, як шмат падобнага ў місіі святара і лекара! Якое адказнае ў іх заданне і як горача чакаюць іх людзі!
Сустрэча з Хрыстом
На зваротным шляху сястра Дамініка расказвае, якім чынам стала манахіняй. “Я сустрэла Хрыста толькі ў 17 гадоў. Да гэтага часу жыла без Бога. Але ўва мне быў нейкі пошук. Я шукала Госпада, сама таго не ведаючы. Мая сяброўка хадзіла ў касцёл, і вось аднойчы і я пераступіла парог святыні. Як аказалася, назаўсёды. Ужо ў дарослым узросце я прыняла Святую Камунію і паспавядалася. Пачала хадзіць у касцёл рэгулярна. А пакліканне ў манаства нарадзілася само сабой. І тут таксама ў мяне быў добры прыклад маёй сяброўкі. Яна пайшла ў кляштар сясцёр-ядвіжанак, а сёння ўжо з’яўляецца манахіняй у закрытым ордэне. У жніўні я збіраюся скласці вечныя шлюбы. Гэта адказны крок, але я для сябе ўсё ўжо вырашыла”.
Манахіня на свецкай працы
Наш “уазік” пад’язджае да станцыі “хуткай”. Кіроўца Міша ідзе ў пакой для адпачынку піць гарбату, а мы з Вікторыяй Міхайлаўнай (так звяртаюцца да сястры Дамінікі супрацоўнікі) працягваем нашу размову.
– Як наогул вам удалося, будучы манахіняй, уладкавацца на свецкую працу?
– Я паспела папрацаваць медыкам пасля сваёй вучобы. Пасля перыяду падрыхтоўкі да манаскага жыцця зноў пачала задумвацца аб медыцыне, але нават і не спадзявалася, што ўсё так пазітыўна для мяне вырашыцца. Спачатку з боку мясцовага кіраўніцтва было неразуменне. Мне давалі дазвол на працу толькі пры ўмове, што я буду прыходзіць апранутай па-свецку.
– Але такая ўмова для манахіні непрымальная…
– Дакладна. Таму, калі ў Асіповічы прыехала з Мінска камісія па працаўладкаванні, мы пайшлі з пробашчам айцом Дам’янам і задалі пытанне, ці магу я працаваць фельчарам і прыходзіць на працу ў манаскім адзенні? Адказ камісіі быў станоўчы. І вось я ўжо чатыры гады працую. Спачатку калегі не маглі прызвычаіцца да майго адзення, але цяпер ніхто не звяртае на гэта ўвагі.
– А як ставяцца да вас пацыенты?
– Разумееце, калі прыязджаеш да цяжкахворага чалавека, яму ўсё адно ад каго прыняць дапамогу. Ад болю, бывае, ён перад сабой нічога не бачыць і не чуе. Ужо потым, калі лекі пачынаюць дзейнічаць, некаторыя арыентуюцца, што перад імі не проста фельчар, а фельчар-манахіня. Але ніколі не было скаргаў ад хворых з нагоды майго адзення.
Шчасце дапамагаць
Прайшло літаральна некалькі хвілін ад нашага вяртання, як дыспетчар паведамляе новы адрас. Нас чакае пацыент, які скардзіцца на боль у сэрцы і высокі ціск. Міша не паспявае дапіць гарбату, мы ўскокваем ва “ўазік” і спяшаемся па адрасе. Гэтым разам у Асіповічах. Дом знаходзім вельмі хутка. Заходзім і бачым сталую жанчыну ў атачэнні радні.
“Вікторыя Міхайлаўна!” – пазнае сястру Дамініку бабуля. Я стаўлю медыцынскую валізку на крэсла і назіраю, як уважліва размаўляе сястра з хворай. Яна старанна мерае ціск і ўпэўнена адчыняе чамаданчык з рыштункам. Хвіліна – і ў яе руках шпрыц з лячэбнай вадкасцю. Пасля ўколу сястра адказвае на пытанні бабулі і дае той кансультацыю, якія лекі лепш піць пры высокім ціску і пры болі ў сэрцы. Затым яшчэ раз мерае ціск, каб пераканацца, што лекі падзейнічалі… Зноў вяртаемся на станцыю.
“Рознае здараецца падчас дзяжурства, – кажа сястра Дамініка. – Бывае, што аварыя на дарозе ці сутаргі ў пацыента. Аднойчы ў гэтым “уазіку” роды давялося прымаць. Але на душы вельмі радасна, калі бачыш, што твае веды і лекі дапамагаюць хвораму. І, наадварот, вельмі сумна, калі разумееш, што ў некаторых момантах медыцына з яе сучаснымі дасягненнямі бездапаможная”.
– У сваім служэнні вам удаецца спалучыць два пакліканні: фельчара і манахіні. Разумею, што манаства – гэта вашае жыццё, а наколькі для вас дарагая ваша праца на “хуткай”? – пытаюся.
– Шчыра кажучы, я вельмі шчаслівая, што магу дапамагаць людзям у якасці медыка. І калі б па нейкай прычыне я перастала б працаваць фельчарам, гэта было б вельмі прыкра для мяне. Я б вельмі гэтага не хацела.
Працягнуць нашую размову на станцыі “хуткай” нам не ўдаецца, таму што паступае яшчэ адзін выклік да хворага з арытміяй. Спешна выказваю глыбокую ўдзячнасць сястры Дамініцы за магчымасць рэпартажу і развітваюся, жадаючы ёй Божай дапамогі ў такім адказным служэнні.
Па дарозе дамоў успамінаю з пачутага, што ў ордэне сясцёр-ядвіжанак шмат беларусак і ёсць новыя маладыя пакліканні. Зусім не здзіўляюся з гэтага. Калі так шмат любові ў сясцёр да бліжняга, іначай быць не можа. Любоў прыцягвае. У ёй хочацца жыць. Яе хочацца дарыць іншым.
Кс. Віктар Місевіч, тэкст і фота
для друку