12 кастрычніка ў Санктуарыі Маці Божай Фацімскай у Шуміліне адбылося душпастырскае спатканне біскупа Алега Буткевіча са святарамі і кансэкраванымі асобамі Віцебскай дыяцэзіі.
Сустрэча распачалася з канферэнцый. Доктар тэалогіі, пробашч катэдральнага касцёла ў Віцебску кс. Валерый Марціноўскі закрануў са святарамі тэму “Духоўнае айцоўства ў святарстве” і прапанаваў прысутным паразважаць над пытаннем “што значыць нараджаць дзяцей для Хрыста?”. Кіруючыся рознымі адказамі і ўрыўкамі з Бібліі, прамоўца падсумаваў, што “найперш, гэта праца Духа Святога ў сэрцы святара, вызваленне ад эгацэнтрычнай адзіноты”.
Для законных сясцёр а. Анджэй Юхневіч ОМІ казаў пра фармацыю кансэкраванай асобы і разгледзеў розныя элементы клопату пра сябе і развіццё ў розных напрамках.
Адарацыя Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце ў цішыні, асабліва ў кастрычніку, заахвоціла шматлікіх дастаць з кішэні ружанец і перабіраючы бусінкі ўзносіць свае малітвы і падзякі праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі.
Падчас святой Імшы біскуп Алег Буткевіч прывітаў на сустрэчы прадстаўніка Апостальскай нунцыятуры ў Грузіі кс. пралата Аляксандра Рагіню, які падчас адпачынку прыехаў на Радзіму.
На заканчэнне сустрэчы, падчас розных аб’яў, біскуп Алег заахвоціў далучыцца да сусветнай ініцыятывы “Мільён дзяцей моліцца на ружанцы”, якая пройдзе 18 кастрычніка. Тэлемост злучыць усе дыяцэзіі нашай краіны а 18-й гадзіне на супольную малітву самых маленькіх беларусаў. Віцебскую дыяцэзію ў гэтым годзе будзе прасдстаўляць браслаўская парафія.
Марына Сінкевіч, тэкст і фота
для друку