Вялікая серада: Імша Хрызма ў Віцебскай катэдры

13 красавіка ў катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага біскуп Алег Буткевіч узначаліў Імшу Хрызма, якую разам з ім канцэлебравалі генеральны вікарый ксёндз-пралат Францішак Кісель, канцлер курыі кс. канонік Віктар Місевіч, апостальскі візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы архімандрыт Сяргей Гаек. Упершыню пасля перыяду пандэміі святары і кансэкраваныя асобы з усёй дыяцэзіі сабраліся разам.

«Уваходзім у таямніцу Пасхальнага Трыдуума, перажываючы святую Імшу Хрызма, падчас якой асвячаюцца алеі для ўжывання пры ўдзяленні сакрамантаў хросту, бежмавання, намашчэння хворых і святарскага пасвячэння. Маем магчымасць сабрацца разам і адчуць адзінства нашага Віцебскага прэзбітэрыя, разам аднавіць сёння наш запавет, які быў заключаны з Богам, падчас прыняцця сакраманту святарства”, — падкрэсліў біскуп Алег на самым пачатку літургіі.

«Цяпер адбываецца шмат цяжкіх спраў, несправядлівасці, асаблівым чынам, у нашай суседняй краіне Украіне, дзе ідуць баявыя дзеянні, гінуць мірныя людзі, дзе існуе вялікая небяспека і пагроза распальвання больш глабальнага канфлікта, вайны,» — заўважыў біскуп. У сваім слове, скіраваным да духоўных асобаў, ардынарый заклікаў духавенства быць абачлівымі ў выказваннях і памятаць пра сваю місію абвяшчэння Божага Валадарства. «Выдаецца, больш важнай і карыснай для Касцёла і людзей, да якіх пасланы, каб заставацца на сваім месцы, несці Божае слова, несці духоўную падтрымку, несці моц святых сакрамантаў. Такі прыклад маем і ў нашай дыяцэзіі — росіцкія мучанікі — бласлаўлёныя айцы Юрый і Антоній заставаліся з людзьмі да апошняга, да самага канца ў сваім служэнні”, — зазначыў біскуп Алег.

Біскуп Алег узгадаў кнігу Яраслава Чаплі “Апосталамі не нараджаюцца”, выдадзеную з нагоды 65-годдзя святарскага служэння а. Юзафа Пятушкі МІС, які таксама паходзіць з Росіцы. Там змешчаны словы бл. Юрыя Матулевіча, які ў свой час казаў айцам марыянам, каб на першым месцы ў сваім пакліканні ставілі працу дзеля пашырэння справы Касцёла і ўмацавання хрысціянскай любові. Менавіта гэта для святара з’яўляецца больш важным, чым вырашэнне нацыянальных праблемаў. «Таму гэтыя справы кладу вам на сэрца”, — падкрэсліў біскуп Алег.

Адным з галоўных момантаў у Імшы Хрызма з’яўляецца асвячэнне алеяў хворых і катэхуменаў, а таксама бласлаўленне алею Хрызма. Таксама ў гэты дзень праз дыялог з біскупам, святары аднаўляюць сваё абяцанне вернасці святарскаму служэнню.

Напрыканцы Імшы с. Ганна Дзятлік ASC ад імя прысутных павіншавала пастыра дыяцэзіі з Днём святарства.

Марына Сінкевіч, тэкст і фота

для друку для друку