Сусветныя СМІ актыўна каментуюць візіт Льва XIV у Іспанію, звяртаючы асаблівую ўвагу на падзеі ў Каталоніі, дзе перапляліся архітэктурная веліч і грамадская дыскусія.
У чацвер, 11 чэрвеня 2026 года, увага міжнародных каментатараў была прыкавана да падзей у іспанскім рэгіёне Каталонія. Галоўнай тэмай сусветных публікацый стала ўрачыстая інаўгурацыя найвышэйшай у свеце касцельнай вежы – 172,5-метровай «Вежы Езуса Хрыста» ў знакамітай базіліцы «Саграда Фамілія» ў Барселоне. Гэтая падзея, як адзначаюць медыя, выйшла далёка за межы звычайнага адкрыцця архітэктурнага аб’екта.
Іспанскае выданне «El País» падкрэсліла адназначнае пасланне супраць вайны, якое Святы Айцец абвясціў у гаміліі на Імшы ў «Саграда Фамілія». Пантыфік заўважыў, што «нельга верыць у Езуса і адначасова прапагандаваць вайну або забіваць невінаватых людзей».
Гэтая Эўхарыстыя адзначылася і важнай палітычнай падзеяй: паводле паведамлення грамадскага вяшчальніка «RTVE», прэм’ер-міністр Іспаніі Педра Санчэс упершыню за час свайго мандата прыняў удзел у Імшы. У сваю чаргу, газета «ABC» вытлумачыла благаслаўленне манументальнай будоўлі як магутны «знак адзінства і гармоніі» для ўсёй краіны.
Глыбокія сэнсы архітэктурнай велічы і грамадская рэакцыя
Міжнародныя аналітыкі глядзяць на тое, што адбылося, больш разнастайна. Амерыканскае выданне «The New York Times» заўважае, што ў выніку гістарычных акалічнасцей Каталіцкі Касцёл для некаторых мясцовых жыхароў з’яўляецца не толькі благаслаўленнем, але і цяжарам. Тым не менш, завяршэнне будаўніцтва аб’екта прызнаецца трансцэндэнтным момантам.
Брытанскія медыя, у прыватнасці «The Daily Telegraph», палічылі рэзкія словы Папы на адрас падпальшчыкаў вайны непрыхаванай крытыкай агрэсіўнай знешняй палітыкі адміністрацыі Злучаных Штатаў.
Адкрытасць да вернікаў і балючыя пытанні мінулага
Наступным важным пунктам падарожжа стала хвалюючая сустрэча ў гістарычным кляштары Мансерат. Выданне «La Vanguardia» адзначыла ўчынак Папы, які выйшаў за межы пратакола, каб непасрэдна звярнуцца да 8 тысяч вернікаў і пахваліць Каталонію як прыклад паспяховай сацыяльнай інтэграцыі.
Італьянская газета «La Stampa» разглядае Апостальскі візіт Льва XIV у кантэксце глыбокага абнаўлення даверу да Касцёла. Выданне падкрэслівае, што, згодна з пазіцыяй Папы, скандалы, звязаныя з сексуальнымі злачынствамі, застаюцца «адкрытымі ранамі», якія патрабуюць бескампраміснай праўды, справядлівасці і адказнасці.
кс. Аляксандр Амяльчэня, беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!