Папа Францішак, дзеці, шквал эмоцый… Усё гэта мы ўжо бачылі і маглі б прывыкнуць. Аднак да пэўных рэчаў прывыкнуць немагчыма, яны працягваюць выклікаць глыбокія перажыванні і шчырыя пачуцці; мноства такіх сітуацый бачым падчас апостальскіх падарожжаў Папы Францішка.
Святы Айцец пастаянна паўтарае, што ў Ватыкане яму «не хапае людзей». Падобна на тое, візіты ў розныя краіны цалкам кампенсуюць гэты «недахоп». Падарожжа ў Мексіку не стала выключэннем, прапануем падборку кранальных відэа, якія перадаюць настрой гэтага падарожжа.
1. Прывітанне: «Папа, брат, ты ўжо мексіканец!»
Такімі словамі сустракала Мексіка Святога Айца; віталі Пантыфіка надзвычай красамоўна і эмацыйна — з традыцыйнымі танцамі і выступленнем марыячы (гэта адзін з самых распаўсюджаных жанраў мексіканскай народнай музыкі — заўв. КВ). У знак павагі Святы Айцец надзеў самбрэра.
2. Лекі для маленькага пацыента
У суправаджэнні першай лэдзі краіны Папа Францішак наведаў дзіцячую бальніцу «Federico Gómez». Ён нават зрабіў кропельную прышчэпку аднаму з маленькіх пацыентаў, хлопчык шчыра падзякаваў Папу — абдымкамі і партрэтам, які сам намаляваў для яго.
3. Хворая на рак дзяўчына праспявала «Ave Maria»
Здаецца, хвароба адабрала ў яе ўсё, але не змагла забраць яе голас. Падчас візіту ў тую ж бальніцу адна з юных пацыентак праспявала для Пантыфіка «Ave Maria» Шарля Гуно.
4. Малітва на мове карэнных жыхароў Мексікі
Адзін з удзельнікаў Эўхарыстыі ў Сан Крыстобаль дэ Лас Касас звярнуўся да Святога Айца на мове свайго племені. Цоціс — адна з моў племя майя, на ёй размаўляюць жыхары гэтых зямель. Папу Францішку паказалі таксама пераклад Святога Пісання на гэтай мове.
5. Папа запрасіў на сцэну дзвюх дзяўчат-валанцёрак з сіндромам Дауна падчас сустрэчы з моладдзю
Мабыць, дзяўчыны вагаліся занадта доўга, тады Святы Айцец настойліва запрасіў іх да сябе на сцэну.
6. Сустрэча з сем’ямі: хлопчык на калясцы
Гэта падзея нагадвае евангельскае апісанне пра паралізаванага, сябры якога разабралі дах і спусцілі хворага да Езуса. Хлопчыка на інваліднай калясцы даслоўна падымалі на руках да сцэны, Пантыфік не задумаўся перапыніць сустрэчу, спусціўся і блаславіў яго.
7. «Не будзьце эгаістамі!»
Незвычайна для як заўсёды ўсмешлівага Пантыфіка? Аднак менавіта такімі словамі ён «пачаставаў» людзей, якія пацягнулі яго за рукаў тады, як Святы Айцец нахіліўся, каб прывітаць інваліда. Папа ледзь не ўпаў на хлопца і парадкам разнерваваўся. «Такога Папы мы яшчэ не бачылі», — пісалі СМІ.
8. Сустрэча з вязнямі
Наведваючы пенітэнцыярную ўстанову і звяртаючыся да зняволеных, Святы Айцец сказаў: «Я завяршаю свой візіт у Мексіку і не мог адправіцца ў дарогу, не прыйшоўшы да вас і не прывітаўшыся з вамі, не адзначыўшы з вамі Юбілей Міласэрнасці».
9. Цырымонія развітання
Зноў сапраўднае шоу з танцамі і выступамі марыячы зладзілі мексіканцы, каб годна развітацца з Пантыфікам. Дзяцей, якія вельмі хацелі абняць Папу на развітанне, не змаглі ўтрымаць нават ахоўнікі. Нават яны, як правіла вельмі стрыманыя і паважныя, не выстаялі, калі ўбачылі слёзы хлопчыка, які вельмі хацеў падысці да Папы, і дапамаглі яму дабрацца да Пантыфіка.
Па матэрыялах CREDO
для друку