Патрыярх Венецыі, арцыбіскуп Франчэска Маралья, абвясціў дакладныя даты святкавання Года Святога Марка, які будзе адзначаць 1200-годдзе перанясення рэліквій Святога евангеліста Марка ў Венецыянскую лагуну. Перавезеныя з Александрыі ў 828 годзе, рэліквіі былі размешчаны на месцы, дзе цяпер стаіць кафедральны сабор Венецыянскага патрыярхату, базіліка Святога Марка.
Юбілейныя ўрачыстасці пачнуцца 8 кастрычніка 2027 года, у гадавіну асвячэння сабора, і працягнуцца да 1 лютага 2029 года, калі Касцёл літургічна ўшаноўвае перанясенне рэліквій.
«Жадаю ўсім перажыць свята Марка Евангеліста, заступніка Венецыі, адкрываючы для сябе новы сэнс яго Евангелля», — сказаў арцыбіскуп Маралья ў сваёй гаміліі з нагоды свята святога Марка, якое Венецыянскі Патрыярхат адзначае 25 красавіка. «Наш час у многім падобны да часу святога Марка: сённяшнія культурныя выклікі таксама заклікаюць да евангелізацыі ў нехрысціянскіх кантэкстах, увагі да чалавека, да яго патрэб і ран, застаючыся вернымі Хрысту».
У лагатыпе года Св. Марка злучана некалькі элементаў:ён візуальна адсылае да пано ў саборы, на якім намалявана лодка — метафара шляху веры.
Як адзначыў іерарх, падрыхтоўка да святкавання і самага юбілею не будзе насіць выключна малітоўны характар, а будзе ўключаць шэраг суправаджальных мерапрыемстваў, у тым ліку культурных. Святы Марк, заступнік Венецыі, будзе абвешчаны таксама заступнікам усяго рэгіёна Венета. Гэтае рашэнне прыняла Ватыканская дыкастэрыя па кананізацыях.
Рэліквіі святога евангеліста спачываюць у галоўным алтары сабора Святога Марка, а крылаты леў, які трымае раскрытую кнігу з надпісам «Pax tibi, Marce evangelista meus» («Мір табе, Марк, мой евангеліст») — біблейскі сімвал святога Марка — размешчаны на гербе Венецыянскай рэспублікі.
credo.pro
Пераклад Марыны Ткач
для друку
Каталіцкі Веснік Добрая Вестка ў тваім доме!

