Уваскрослы Хрыстус – гэта надзея для ўсіх, хто пакутуе ад пандэміі, войнаў і канфліктаў, — нагадаў Папа 4 красавіка 2021 г. падчас велікоднага паслання перад благаслаўленнем Urbi et Orbi.
«Дарагія браты і сёстры, са святам Пасхі! Святой і спакойнай Пасхі!
Сёння па ўсім свеце разносіцца абвяшчэнне Касцёла: «Езус, укрыжаваны, уваскрос, як казаў. Алелюя».
Велікоднае абвяшчэнне не паказвае міраж, не адкрывае магічную формулу, не ўказвае шлях уцёкаў ад складанай сітуацыі, якую перажываем. Пандэмія яшчэ ў самым разгары; грамадскі і эканамічны крызіс вельмі цяжкі, асабліва для найбяднейшых; і ў той жа час – і гэта абуральна – не спыняюцца ўзброеныя канфлікты і расце моц вайсковых арсеналаў. Гэта абуральна сёння.
Перад абліччам гэтай складанай рэчаіснасці, ці лепш, пасярод яе, велікоднае пасланне ў некалькіх словах апісвае здарэнне, якое дорыць надзею, што не расчаруе: “Езус, укрыжаваны, уваскрос”. Яно не кажа пра анёлаў ці прывідаў, але пра чалавека, чалавека з цела і крыві, з абліччам і імем: пра Езуса. Евангелле кажа, што гэты Езус, укрыжаваны пры Понцкім Пілаце за тое, што назваў сябе Хрыстом, Божым Сынам, на трэці дзень уваскрос, паводле Пісання і як Ён сам прадказаў сваім вучням.
Уваскрос Укрыжаваны, а ніхто іншы. Бог Айцец уваскрасіў свайго Сына Езуса, бо Ён споўніў да канца Яго жаданне збаўлення: Ён узяў на сябе нашы слабасці, нашы немачы, нашу смерць; цярпеў нашыя пакуты, нёс цяжар нашых беззаконняў. Таму Бог Айцец узвысіў Яго і цяпер Езус Хрыстус жыве навекі, Ён – Пан.
Сведкі паведамляюць важную дэталь: Уваскрослы Езус мае на руках, нагах і ў баку сляды ран. Гэтыя раны з’яўляюцца вечнай пячаткай Яго любові да нас. Кожны, хто пакутуе падчас цяжкога выпрабавання, цялеснага ці духоўнага, можа схавацца ў гэтых ранах, атрымаць праз іх ласку надзеі, якая не расчаруе.
Уваскрослы Хрыстус – гэта надзея для ўсіх, хто ўсё яшчэ пакутуе ад пандэміі, для хворых і тых, хто згубіў блізкага чалавека. Няхай Пан дасць суцешыць іх і падтрымае намаганні медыкаў і санітарных работнікаў. Усе, асабліва найслабейшыя, маюць патрэбу ў дапамозе і маюць права на доступ да неабходнай апекі. Гэта яшчэ больш відавочна ў гэты час, калі мы пакліканы змагацца з пандэміяй, а неабходнай прыладай для гэтай барацьбы з’яўляецца вакцына. Таму ў духу “вакцынавага інтэрнацыяналізму”, заклікаю ўсю міжнародную супольнасць да з’яднаных дзеянняў, каб пераадолець затрымку ў яе распаўсюджванні і спрыяць дзяленню ёй, асабліва з самымі беднымі краінамі.
Уваскрослы Укрыжаваны з’яўляецца суцяшэннем для тых, хто згубіў працу ці перажывае цяжкія эканамічныя складанасці і пазбаўлены належнай сацыяльнай абароны. Няхай Пан натхніць дзяржаўныя ўлады на аказанне неабходнай дапамогі і належнай падтрымкі ўсім, асабліва сем’ям у патрэбе. Пандэмія, на жаль, стала прычынай драматычнага росту колькасці бедных і роспачы тысяч людзей.
“Неабходна, каб усе бедныя адшукалі надзею”, — казаў св. Ян Павел ІІ падчас свайго падарожжа ў Гаіці. І менавіта да дарагога гаіцянскага народа ў гэтыя дні скіроўваюцца мае думкі і падтрымка, каб не скарыўся перад цяжкасцямі, але з даверам і надзеяй глядзеў у будучыню. Дарагія браты і сёстры з Гаіці, да вас асаблівым чынам скіроўваюцца мае думкі. Я блізкі вам і хацеў бы, каб вашы праблемы канчаткова вырашыліся. Я малюся аб гэтым, дарагія браты і сёстры з Гаіці.
Няхай Уваскрослы Езус прынясе надзею шматлікім маладым людзям, якія былі вымушаны правесці доўгі перыяд без магчымасці наведваць школу ці ўніверсітэт і дзяліць час з сябрамі. Мы ўсе патрабуем сапраўдных чалавечых адносін, а не толькі віртуальных, асабліва ва ўзросце, калі фармуецца характар і асабовасць. Аб гэтым мы чулі ў пятніцу падчас Via Crucis з удзелам дзяцей. Я блізкі да моладзі ва ўсім свеце, а ў гэты час, асабліва да моладзі М’янмы, якая імкнецца да дэмакратыі, мірна ўздымаючы свой голас, усведамляючы тое, што нянавісць можна рассеяць толькі любоўю.
Няхай святло Уваскрослага будзе крыніцай новага жыцця для мігрантаў, якія ўцякаюць ад вайны і беднасці. Распазнаем у іх абліччах знявечанае і спакутаванае аблічча Пана, які ўздымаецца на Кальварыю. Няхай яны не маюць недахопу ў канкрэтных знаках салідарнасці і чалавечага братэрства, сведчання перамогі жыцця над смерцю, якую святкуем у гэты дзень. Дзякую краінам, які з шчодрасцю прымаюць спакутаваных, што шукаюць прытулку, асабліва Лівану і Іарданіі, якія прымаюць шматлікіх бежанцаў, што ратуюцца ад сірыйскага канфлікту.
Няхай ліванскі народ, які перажывае перыяд цяжкасцей і няўпэўненасці, адчуе суцяшэнне Уваскрослага Пана і няхай будзе падтрыманы міжнароднай супольнасцю ў сваім пакліканні да быцця зямлёй сустрэчы, мірнага суіснавання і плюралізму.
Няхай Хрыстус, які з’яўляецца нашым супакоем, нарэшце пакладзе канец грукату зброі ў дарагой і спакутаванай Сірыі, дзе мільёны людзей жывуць у нечалавечых умовах, а таксама ў Емене, дзе падзеі ахінуты аглушальным і абуральным маўчаннем, і ў Лівіі, дзе нарэшце становіцца бачным шлях выйсця з дзесяцігоддзя разладу і жорсткіх сутыкненняў. Няхай усе бакі канфліктаў прыкладаюць канкрэтныя намаганні, каб спыніць спрэчкі і дазволіць народам, змучаным ад вайны, жыць у міры і распачаць адбудову гэтых краін.
Уваскрасенне натуральным чынам вядзе нас у Ерузалем. Таму будзем прасіць ў Пана міру і бяспекі для яго, каб адказаў на пакліканне да быцця месцам сустрэчы, дзе ўсе змогуць адчуваць сябе братамі, і дзе ізраільцяне і палестынцы знайшлі б сілу дыялога, каб дасягнуць трывалага рашэння, якое дазволіць дзвюм дзяржавам жыць побач у міры і дабрабыце.
У гэты святочны дзень мае думкі вяртаюцца таксама ў Ірак, якія я меў радасць адведаць у мінулым месяцы, і для якога малюся аб працягу шляху прымірэння, на які ён паўстаў, каб споўнілася мара Бога аб чалавечай сям’і, гасціннай і адкрытай на ўсіх сваіх дзяцей.
Няхай моц Уваскрослага Пана падтрымае афрыканскія народы, будучыня якіх знаходзіцца пад пагрозай у сувязі з унутраным насіллем і міжнародным тэрарызмам, асабліва ў рэгіёне Сахель і Нігерыі, а таксама ў рэгіёне Тыграй і Кабу-Дэлгаду. Няхай працягваюць трываць намаганні на карысць пошуку мірных рашэнняў канфліктаў, з павагай да правоў чалавека і святасці жыцця, праз братэрскі і канструктыўны дыялог у духу прымірэння і дзейсную салідарнасць.
У свеце яшчэ ёсць занадта шмат войнаў і насілля! Няхай Пан дапаможа нам перамагчы ваенны менталітэт. Няхай дазволіць палонным канфліктаў, асабліва ва Усходняй Украіне і Нагорным Карабаху, вярнуцца жывымі і здаровымі да ўласных сем’яў, няхай натхніць кіраўнікоў дзяржаў усяго свету спыніць гонку ўзбраенняў. Сёння, 4 красавіка, адзначаецца Сусветны дзень барацьбы з супрацьпяхотнымі мінамі, падступнымі і жудаснымі прыстасаваннямі, якія кожны год забіваюць і калечаць шмат нявінных людзей і перашкаджаюць чалавецтву “разам крочыць па сцежках жыцця, без страху перад пагрозамі знішчэння і смерці”. Наколькі лепшым быў бы свет без гэтых прыладаў смерці!
Дарагія браты і сёстры, таксама і сёлета, шматлікія хрысціяне ў розных месцах святкавалі Пасху з моцнымі абмежаваннямі і часта без магчымасці ўдзельнічаць у літургічных цэлебрацыях. Будзем маліцца, каб гэтыя абмежаванні, як і кожнае абмежаванне свабоды культа і рэлігіі ў свеце, маглі быць зняты, і кожны мог бы свабодна маліцца і праслаўляць Бога.
Сярод шматлікіх цяжкасцей, якія перажываем, ніколі не будзем забываць, што мы былі аздароўлены ранамі Хрыста (1Пт 2,24). Нашы пакуты перамяняюцца святлом Уваскрослага. Там, дзе была смерць, цяпер ёсць жыццё, там, дзе быў смутак, цяпер ёсць суцяшэнне. Прыняўшы крыж, Езус напоўніў сэнсам нашы пакуты; памолімся ж, каб жыватворныя плёны гэтага аздараўлення распаўсюдзіліся па ўсім свеце. Жадаю святой і спакойнай Пасхі!”, — завяршыў сваё святочнае пасланне Святы Айцец.
Беларуская рэдакцыя Vatican News
для друку