Вартасць беднасці ў Бібліі

У чарговы раз перажываючы Сусветны дзень бедных, устаноўлены Папам Францішкам, варта звярнуць увагу на тое, што гаворыць Біблія пра беднасць і будучыя даброты, якія Бог падрыхтаваў для ўбогіх.

Святое Пісанне ў многіх месцах паказвае каштоўнасць беднасці. У Старым Запавеце мы маем шмат прыкладаў бедных. Гэта заўсёды былі людзі, усім сэрцам адданыя Пану. Шмат разоў упамінаецца, што Бог клапоціцца пра слабых, уздымае пакорных і апекуецца беднымі. У Бібліі мы знаходзім некалькі варыянтаў асаблівага стаўлення да патрабуючых: “Калі пазычыш грошы народу Майму, беднаму, які ёсць з табою, не будзь для яго як ліхвяр; не вымагай ад яго працэнтаў” (Зых 22, 25). “Не судзі несправядліва цяжбіны беднага твайго” (Зых 23, 6).

Таксама ў Кнізе Псальмаў мы знаходзім шмат месцаў пра Божую апеку над беднымі: “Я няшчасны і ўбогі, але Пан пра мяне дбае” (Пс 40 (39), 18). “Няхай судзіць убогіх народу, няхай выратуе сыноў убогага і суйме прыгнятальніка” (Пс 72 (71), 4).

У Кнізе Прыпавесцей знаходзім тэксты, якія заклікаюць людзей дапамагаць бедным. “Хто ўціскае беднага, той зневажае Творцу яго; а хто шануе Яго, той творыць дабро беднаму” (Прып 14, 31). “Хто затыкае вушы на крык беднага, сам закрычыць – і не будзе пачуты” (Прып 21, 13). “Хто дае жабраку, не збяднее; а хто засланяе вочы ад яго, на тым шмат праклёнаў” (Прып 28, 27).

“Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае” (Мц 5, 3). Такімі словамі Езус пачаў сваю пропаведзь на гары. Гэтае першае бласлаўленне – беднасць – нібы з’яўляецца адпраўной кропкай для наступных. І гаворка не толькі аб матэрыяльным убостве, як мы бачым, але аб духу – аб стаўленні.

Хрыстос вяртаўся да беднасці ў сваіх вучэннях, часта таксама ў прытчах. Напрыклад, усім вядома прыпавесць пра багатага юнака, які, пачуўшы, што трэба прадаць усё, што мае, “пайшоў засмучаны” (Мц 19, 22). Іншы прыклад – гісторыя беднай удавы, якая паклала ў скарбонку толькі дзве манеты. Езус паставіў яе як узор для пераймання, кажучы: “Усе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пражытак свой” (Мк 12, 44).

У адной з прыпавесцей Хрыстос паказаў назапашванне багаццяў як непатрэбнае. Адзін чалавек назбіраў столькі ўраджаю, што не было куды змясціць. Ён вырашыў пабудаваць велізарныя жытніцы і жыць у дастатку да канца сваіх дзён. “Але Бог сказаў яму: «Неразумны! Гэтай жа ноччу забяруць душу тваю ў цябе. Каму ж дастанецца тое, што ты нарыхтаваў?»” (Лк 12, 20). Гэтая гісторыя паказвае, што лепш быць багатым перад Богам. Езус прама кажа: “Збірайце сабе скарбы ў небе” (Мц 6, 20). Ён бачыць багацце як перашкоду для ўваходу ў Валадарства Нябеснае: “Лягчэй вярблюду прайсці праз ігольнае вушка, чым багатаму ўвайсці ў Валадарства Божае” (Мц 19, 24).

Таксама варта адзначыць, што Збаўца менавіта з ліку бедных выбраў большасць апосталаў. Пасылаючы іх абвяшчаць, Ён прама сказаў: “Нічога не бярыце ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, не майце таксама па дзве вопраткі” (Лк 9, 3). Таму не дзіўна, што як вялікую каштоўнасць Езус паказваў таксама служэнне бедным.

У адным з вобразаў канца свету Хрыстос прама ўказаў на важнасць дапамогі слабейшым, параўнаўшы яе з аддзяленнем пастухом авечак ад казлоў. Ён абвясціў, што Сын Чалавечы паставіць авечак справа ад сябе, кажучы: “Я быў галодны, і вы далі Мне есці; прагнуў, і вы напаілі Мяне; быў падарожным, і вы прынялі Мяне” (Мц 25, 35). Прысвячаць сябе патрабуючым Езус заахвочвае словамі: “Тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Мц 25, 40).

Такім чынам, мы бачым, што Святое Пісанне ўказвае не толькі на каштоўнасць беднасці, але, перш за ўсё, – на неабходнасць служэння патрабуючым. Сусветны дзень бедных нагадвае, што, акрамя неабходнасці дзяліцца матэрыяльнымі дабротамі, трэба прыняць новы стыль жыцця, што заключаецца ў сустрэчы з беднымі. Дапамога слабейшым і бяднейшым з’яўляецца праяўленнем любові як да бліжняга, так і, перш за ўсё, любові да Творцы.

Grodnensis.by

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі