Успаміны Папы Францішка пра Бэнэдыкта XVI: ён быў для мяне бацькам

«Наступнік» – пад такім загалоўкам 3 красавіка 2024 года выйдзе ў свет кніга ўспамінаў Папы Францішка пра Бэнэдыкта XVI. Яна засноўваецца на інтэрв’ю, якое Пантыфік даў іспанскаму журналісту Хаўеру Марцінэсу-Бракалю.

«Ён быў для мяне бацькам», — сказаў пра свайго папярэдніка Папа Францішак на старонках кнігі «Наступнік. Мае ўспаміны пра Бэнэдыкта XVI» (El sucesor. Mis recuerdos de Benedicto XVI), якая ў сераду, 3 красавіка, пабачыць свет у выдавецтве Editorial Planeta.

«Бэнэдыкт быў чалавекам вялікай ласкі. У некаторых выпадках некаторыя людзі карысталіся ім, магчыма, без злога намеру, і абмяжоўвалі яго рух. На жаль, у пэўным сэнсе яны яго акружалі. Ён быў вельмі далікатным чалавекам, але не слабым, а моцным. Ён быў сціплы і лічыў за лепшае не навязвацца. Тады ён шмат пакутаваў», — сказаў Святы Айцец.

«Ён дазволіў мне расці, быў цярплівы. І калі заўважаў нешта, то думаў тры ці чатыры разы, перш чым сказаць мне пра гэта. Ён дазволіў мне расці і даў мне свабоду прымаць рашэнні. Ён пакінуў мне свабоду, ніколі не ўмешваўся. Аднойчы, калі ён не зразумеў адно рашэнне, то вельмі натуральным чынам папрасіў у мяне тлумачэнняў. Ён сказаў мне: «Слухай, я гэтага не разумею, але рашэнне ў тваіх руках». Я патлумачыў яму прычыны, і ён застаўся задаволены», — падзяліўся Папа Францішак сваімі ўспамінамі пра Бэнэдыкта XVI. «Ён ніколі не пазбаўляў мяне сваёй падтрымкі. Можа быць, было нешта, што ён не падзяляў, але ён ніколі не казаў гэтага”, — дадаў Папа.

Святы Айцец Францішак узгадаў абставіны свайго развітання з Папам-эмерытам у сераду, 28 снежня 2022 года, калі ён у апошні раз бачыў яго жывым: “Бэнэдыкт ляжаў у ложку. Ён яшчэ быў у свядомасці, але не мог гаварыць. Ён глядзеў на мяне, паціскаў мне руку, разумеў, што я кажу, але не мог прамовіць ні слова. Я застаўся з ім некаторы час, глядзеў на яго і трымаў яго за руку. Я выдатна памятаю яго светлыя вочы… Я сказаў яму некалькі пяшчотных слоў і благаславіў яго. Так мы развіталіся».

Папа Францішак выказаў сваё меркаванне аб пераемнасці пантыфікатаў: «Тое, што я бачу ў апошніх Папах, гэта тое, што кожны наступнік заўсёды быў пазначаны пераемнасцю. Пераемнасцю і адрозненнем”, таму што “ў пераемнасці кожны нёс сваю асабістую харызму… Заўсёды ёсць пераемнасць, а не разрыў».

Пантыфік распавёў пра канкрэтны выпадак, калі Бэнэдыкт XVI абараніў яго ад абвінавачванняў у прапагандзе аднаполых шлюбаў. “Як ён абараняў мяне! Ён заўсёды абараняў мяне», — заўважыў Папа Францішак.

На пытанне журналіста пра некаторыя кнігі, апублікаваныя з нагоды смерці Бэнэдыкта XVI, Папа Францішак адказаў, што яны прычынілі яму вялікі боль. “Вельмі сумна, што ў дзень пахавання была апублікаваная кніга, якая перавярнула ўсё з ног на галаву, распавядаючы рэчы, якія не адпавядаюць рэчаіснасці. Вядома, гэта не ўплывае на мяне. Але мне было балюча, што Бэнэдыкта выкарыстоўвалі. Кніга была апублікаваная ў дзень яго пахавання, і я ўспрыняў гэта як недахоп высакароднасці і чалавечнасці”.

Нарэшце, Папа Францішак падзяліўся з Хаўерам Марцінэсам-Бракалем тым, што ён распарадзіўся перагледзець цырымонію пахавання Пантыфікаў, патлумачыўшы, што памінальнае чуванне Бэнэдыкта XVI было апошнім, калі цела Папы выстаўлялася без труны, з падушкамі на катафалку. «Хай з імі развітваюцца і хаваюць, як любога іншага сына Касцёла. З годнасцю, як любога іншага хрысціяніна», — пажадаў Папа.

Марыя Валодзіна, беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі