Успамін святой Фаўстыны Кавальскай уключаны ў Рымскі каляндар

Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамантаў абнародавала дэкрэт аб змяшчэнні ўспаміну св. Фаўстыны Кавальскай у Агульны каляндар Касцёла рымскага абраду.

Неабавязковы ўспамін будзе адзначацца штогадова 5 кастрычніка – у дзень адыходу св. Фаўстыны ў вечнасць. У дадатку да ватыканскага дакумента былі апублікаваны таксама тэксты на лацінскай мове для літургічных кніг – Календара, Імшала і Літургіі гадзінаў.

Дэкрэт пачынаецца словамі Багародзіцы: “І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне над тымі, хто Яго баіцца” (Лк 1,50). “Тое, што Панна Марыя апявала ў гімне Магніфікат, сузіраючы збаўчую справу Бога на карысць кожнага пакалення людзей, знайшло рэха ў духоўным досведзе св. Фаўстыны Кавальскай, якая, дзякуючы нябеснаму дару, убачыла ў Пану Езусе Хрысце міласэрнае аблічча Айца і стала яго пасланніцай”, — гаворыцца ў дакуменце.

Нагадваецца, што св. Фаўстына нарадзілася ў польскім мястэчку Глаговец, недалёка ад Лодзі, у 1905 годзе, а памерла ў Кракаве ў 1938 годзе. Свае маладыя гады правяла ў кляштары сясцёр Маці Божай Міласэрнасці, “з шчодрасцю прысвячаючы сябе пакліканню, атрыманаму ад Бога, і сталеючы ў духоўным жыцці, багатым містычнымі дарамі, застаючыся вернай ім”.

Расповед пра справу, якую Бог учыніў у ёй на карысць усіх, св. Фаўстына апісала ў “Дзённіку” сваёй душы, якая стала “санктуарыем сустрэчы з Езусам Хрыстом”. Яна дала натхненне руху, скіраванаму на абвяшчэнне Божай Міласэрнасці і малітву аб ёй для ўсяго свету”, — падкрэсліваецца ў дэкрэце.

Адзначаецца, што пасля кананізацыі св. Фаўстыны, якую ў 2000 годзе здзейсніў св. Ян Павел ІІ, яе імя стала вядома ва ўсім свеце, “спрыяючы сярод усіх членаў Божага народа, пастыраў і свецкіх вернікаў, малітве аб Божай міласэрнасці і пераканаўчаму сведчанню аб ёй”.

Папа Францішак прыняў рашэнне аб уключэнні ўспаміну св. Фаўстыны Кавальскай у Рымскі каляндар з увагі на шматлікія просьбы, якія паступалі ад пастыраў, манаскіх асоб, асацыяцый свецкіх вернікаў, а таксама беручы пад увагу вялікі ўплыў духоўнасці св. Фаўстыны ў розных частках свету.

Беларуская рэдакцыя Vatican News

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі