5 верасня – дзень смерці Маці Тэрэзы з Калькуты – унесены ў Агульны рымскі каляндар як неабавязковы літургічны ўспамін. Святы Пасад паведаміў пра гэта рашэнне Папы Францішка 11 лютага 2025 года.
Маці Тэрэза, якая прысвяціла жыццё служэнню самым бедным, была кананізавана Папам Францішкам 4 верасня 2016 года. У дэкрэце Дыкастэрыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў адзначаецца, што яна застаецца “крыніцай надзеі для многіх людзей, якія шукаюць суцяшэння, пакутуючы целам і духам». Святая Тэрэза з Калькуты стала ўвасабленнем прынцыпу евангельскага служэння: “Хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою» (Мк 10, 43).
У дэкрэце паведамляецца, што ўспамін Маці Тэрэзы будзе ўключаны ва ўсе літургічныя календары і кнігі. Пераклады літургічных тэкстаў павінны быць зацверджаны ватыканскай дыкастэрыяй і апублікаваны біскупскімі канферэнцыямі.
Маці Тэрэза нарадзілася 26 жніўня 1910 года ў Скоп’е. У 1929 годзе пачала сваю місію ў Калькуце. Заснавала Кангрэгацыю місіянерак міласэрнасці, якая сёння налічвае больш за шэсць тысяч сясцёр і дзейнічае ў 130 краінах свету. За сваю дабрачынную працу атрымала Нобелеўскую прэмію міру ў 1979 годзе, прысвяціўшы яе бедным Індыі. Памерла ў Калькуце ў 1997 годзе. Папа Ян Павел II, з якім яе звязвала братэрскае сяброўства, беатыфікаваў Маці Тэрэзу ў 2003 годзе, а Папа Францішак, які ніколі не хаваў свайго захаплення гэтай вялікай святой, кананізаваў яе ў 2016 годзе падчас Юбілею Міласэрнасці.
Марыя Валодзіна — беларуская рэдакцыя Vatican News
