Урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Крулеўшчыне

Урачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса Каталіцкі Касцёл адзначае ў пятніцу пасля актавы Божага Цела.

16 чэрвеня адбылася адпустовая ўрачыстасць у парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Крулеўшчыне. На пачатку святой Імшы пробашч парафіі кс. Юрый Бараўнёў сардэчна прывітаў ксяндза-дэкана Уладзіміра Шымковіча з Параф’янава.

Урачыстая Імша, якую ўзначаліў кс. Уладзімір Шымковіч, была ахвяравана за ўсіх вернікаў парафіі і пробашча.

Падчас казання кс. Уладзімір падкрэсліў, што гэтая ўрачыстасць выражае праўду, аб якой гаварыў святы апостал Ян: «Бог ёсць Любоў». Гэта ўрачыстасць паказвае сімволіку сэрца, што выражае любоў. Найбольш яскравы сімвал Божай любові – Сэрца Езуса, прабітае на крыжы.

Развіццё культу Божага Сэрца распачалося пасля аб“ўленняў Пана Езуса святой Маргарыце Алякок, французскай манахіні-містычцы. Вялікім шанавальнікам набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса быў Папа Леў ХІІІ. У 1899 г. Папа прысвяціў Сэрцу Езуса Касцёл і ўвесь род чалавечы.

Найбольш папулярныя формы культу Сэрца Езуса, акрамя ўрачыстасці, чэрвеньскае набажэнства да Сэрца Езуса, літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса і прысвячэнне роду людскога Сэрцу Езуса. Таксама святар напомніў абяцанні Езуса для шанавальнікаў Божага Сэрца і заахвоціў вернікаў выхоўваць сваё сэрца. Пілотам сэрца павінен быць розум. Вера дапамагае розуму. Воля схіляе сэрца, каб яно магло любіць.

Затым прысутныя ўшанавалі святыя рэліквіі.

Перад Найсвяцейшым Сакрамантам была праспяваная літанія да Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

На заканчэнне ўрачыстасці прагучаў спеў «Цябе, Бога, праслаўляем».

Алена Пажога, тэкст;
Леанід Юрык, фота

для друку для друку