Упершыню ўрачыстасць Божага Цела Пантыфік узначаліў у нядзелю, а не ў чацвер

Папа Францішак узначаліў 18 чэрвеня 2017 года літургію з нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. Пантыфік упершыню зрабіў гэта ў нядзелю, а не ў чацвер, як прадпісана літургічным календаром.

Папа прыняў такое рашэнне, каб у св. Імшы і эўхарыстычнай працэсіі магло прыняць удзел больш святароў і вернікаў, і каб не ствараць нязручнасцяў для руху транспарту ў працоўны дзень. Літургія адбылася перад рымскай базілікай св. Яна на Латэране.

У сваёй гаміліі Пантыфік падкрэсліў, што Эўхарыстыя, гэта “сакрамэнт памяці”. Яна нагадвае аб гісторыі любові Бога да чалавека. Як пілігрымуючы па пустыні народ, таксама і сучасныя хрысціяне патрабуюць памяці аб вялікіх справах Пана, каб іх вера была жывой і прыносіла плёны. Прапаведнік адзначыў, што перашкодай для гэтага з’яўляецца хуткі і павярхоўны лад жыцця, пазначаны пагоняй за навінай. Менавіта ў гэты свет прыходзіць Езус з любячай уразлівасцю, якой з’яўляецца Эўхарыстыя, каб аздаравіць памяць людзей.

“Эўхарыстыя – гэта напамін любові Бога. У ёй “аднаўляем памяць Яго мукі”, любові да нас, якая з’яўляецца нашай сілай, падтрымкай у нашым пілігрымаванні”, — падкрэсліў Папа. Ён дадаў, што ў “Эўхарыстыі змешчаны ўвесь смак словаў і жэстаў Езуса, водар Яго Пасхі, духмянасць Яго Духа. Калі прымаем яе, у наша сэрца ўваходзіць упэўненасць, што з’яўляемся любімымі Ім”.

Святы Айцец звярнуў увагу на тое, што Эўхарыстыі, гэта сакрамант адзінства. “Гэта не сакрамант “для мяне”, але сакрамант многіх, якія ўтвараюць адно цела”. Хто яго прымае, не можа не быць будаўніком адзінства, бо ў яго “духоўным ДНК”, нараджаецца будаўніцтва еднасці, сцвердзіў Францішак.

“Няхай гэты хлеб адзінства вылячыць нас ад амбіцый панавання над іншымі, ад эгаістычнай прагнасці, ад распальвання варожасці і распаўсюджвання крытыкі; няхай абудзіць у нас радасць любові без суперніцтва, зайздрасці і ачарняючых плётак”, — пажадаў ён.

Пасля св. Імшы адбылася ўрачыстая эўхарыстычная працэсія ад базілікі св. Яна на Латэране да базілікі Санта-Марыя-Маджорэ. У адрозненні ад папярэдніх гадоў, калі Найсвяцейшы Сакрамант везлі на платформе спецыяльна абсталяванага аўтамабіля, сёлета яго неслі чатыры свецкія супрацоўнікі Папскага дома на адмысловай падстаўцы з балдахінам, падсвечанай і ўпрыгожанай кветкамі. Спачатку Францішак назіраў за працэсіяй ад алтара, на якім перад гэтым цэлебраваў Эўхарыстыю, а затым прыехаў на аўтамабіле да базілікі Санта-Марыя-Маджорэ, дзе ўдзяліў удзельнікам ўрачыстасці бласлаўленне.

Ватыканскае радыё

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі