Убачыць Сікстынскую капэлу можна не наведваючы Рым

«Гэта самая высокатэхналагічная выстава ў гісторыі. Самая відовішчная, калі гаворка ідзе пра змястоўнасць, але таксама і па маштабах выстава ў Еўропе.

У іммерсіўнай зале, дзякуючы 39 лазерным праектарам, ўпершыню ў гісторыі можна ўбачыць усю Сікстынскую капэлу, адлюстраваную ў маштабе 1 да 1, — кажа Барталомей Фелюш з выдавецтва Manuscriptum, якое з’яўляецца арганізатарам выставы «Сікстынская капэла. Спадчына», якая ў гэтыя дні праходзіць у Кракаве.

Выстава, прадстаўленая ў Кракаве, партнёрам і суарганізатарам якой з’яўляюцца музеі Ватыкана, стала вынікам фотакампаніі, мэтай якой было захаванне фрэсак у Сікстынскай капэле для будучых пакаленняў. За 65 начэй фатографы з Італіі зрабілі 270 тысяч здымкаў. Спачатку быў выпушчаны трохтомны альбом вагой 27 кілаграмаў і коштам 102 тысячы злотых. Гэта адзін з найбуйнейшых серыйных альбомаў, які выдаецца тыражом 1999 асобнікаў. Альбом можна пабачыць на выставе ў Кракаве.

Падчас пандэміі, калі не было турыстычнага руху, было вырашана выкарыстаць гэтую фотасесію для стварэння мультымедыйнай выставы.

Сама выстава складаецца з трох частак.

Першая — носіць адукацыйны характар. Наведвальнікаў чакае фільм пра паходжанне фотасесіі і мноства цікавых фактаў пра работы, знойдзеныя ў Сікстынскай капэле і іх стваральніках. Таксама можна ўбачыць копіі дзвюх знакамітых скульптур Мікеланджэла — П’еты з сабора Святога Пятра і Давіда з Фларэнцыі.

У другім павільёне знаходзіцца кіназала з самым вялікім у Еўропе святлодыёдным экранам, які выкарыстоўваецца на выставах. Ён мае 20 метраў у даўжыню, 4 метры ў вышыню, 12 мільёнаў дыёдаў. На ім дэманструецца мастацкі фільм пра ўзнікненне капэлы.

Сэрцам выставы з’яўляецца іммерсіўная зала, у якой можна ўбачыць праекцыю Сікстынскай капэлы — яна мае памеры 14 на 40 метраў, як і храм іерусалімскага цара Саламона, па абрысах якога была пабудавана Сікстынская капэла. Ватыканская капліца мае вышыню больш за 21 метр, на выставе карціны дэманструюцца на вышыні 7 метраў, але, як запэўніваюць яе стваральнікі, гэта таксама перавага, таму што многія дэталі можна ўбачыць з значна меншай адлегласці. Сцены экспазіцыі маюць памеры, ідэнтычныя памерах Сікстынскай капэлы, а столь паўкруглы, таму 39 лазерных праектараў дазваляюць цалкам прайграць ватыканскі арыгінал.

«Мы хочам уразіць людзей не толькі тэхнікай, мы хочам паўплываць на іх не толькі вобразамі. Мы хочам даць ім веды, — падкрэслівае Барталомей Фелюш.

Выстава «Сікстынская капэла. Спадчына» будзе дзейнічаць да 30 верасня.

Паводле Vatican News
пераклад Марыны Ткач

для друку для друку

Веснік-відэа

Варта паглядзець

Святыя заступнікі