На месцы пахавання адбылася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.
У богаслужэнні прынялі ўдзел канцлер курыі кс. Віктар Місевіч, эканом дыяцэзіі кс. Вячаслаў Барок, лепельскі дэкан кс. Уладзімір Заянчкоўскі, афіцыял біскупскага суда а. Сяргей Мацюшонак OFMCap, пробашч парафіі ў Мікалаеве кс. Аляксандр Півавар. Прысутнічаў таксама праваслаўны святар з Беларускай аўтакефальнай царквы.
Нагадаем, што 26 чэрвеня 1941 года савецкія канваіры расстралялі ў Мікалаеве калону вязняў беразвецкай турмы, якіх яны гналі на ўсход. Усяго загінула больш за 2 тысячы чалавек, віна якіх не была даказаная нават тагачасным савецкім судом.
На малебен сабраліся парафіяне з Мікалаева, Улы, навакольных вёсак, прадстаўнікі грамадскасці з Віцебска, Мінска, Глыбокага, журналісты.
У сваім слове да вернікаў біскуп адзначыў, што людзі, якія тут загінулі, сышлі з гэтага свету праз чалавечую несправядлівасць. І таму наша сённяшняя малітва патрэбная не толькі ім, але і нам, каб больш не паўтаралася такіх памылак.
«Памолімся, каб Бог бярог нас ад такіх сітуацый, каб мы будавалі жыццё на прынцыпах, якія дазваляюць чалавеку заставацца чалавекам», — падкрэсліў біскуп Алег.
Напрыканцы Імшы іерарх яшчэ раз падзякаваў усім удзельнікам за іх прысутнасць, асабліва адзначыўшы мясцовых вернікаў, якія захавалі памяць пра гэту трагедыю. Ён узгадаў, што калі быў яшчэ простым святаром і хадзіў у пілігрымкі праз гэтыя мясціны, то сустракаў тут сведкаў гэтай трагедыі.
Пасля Імшы выступілі лідар Руху “Разам” Вячаслаў Сіўчык, віцебскі краязнаўца Ян Дзяржаўцаў, намеснік кіраўніка Шумілінскага райвыканкама Ірына Шалахава.
Закончылася мерапрыемства спевам гімна “Магутны Божа”.
Зміцер Лупач, тэкст і фота
Відэарэпартаж будзе дададзены пазней
